Відаць, у нябеснай канцылярыі пачулі просьбы аграрыяў: пасля спорнага дажджу травы на вачах пацягнуліся ўгору – у раёне распачалася масавая касавіца.
Галоўны аграном КСУП “Гудагай” Андрэй Ненартовіч.
Сёлета ў КСУП “Гудагай” падчас першага ўкосу запланавана скасіць больш за 3 000 гектараў. Па стане на 4 чэрвеня, травы ўжо ляглі ў пракосы на плошчы 1 377 гектараў – а гэта 44 % ад плана. Зялёную масу актыўна закладваюць у сянажна-сіласныя траншэі, сянажную масу таксама нарыхтоўваюць у выглядзе рулонаў – у стрэйч-плёнку гудагайцы ўжо закруцілі 385 тон траў.
Для таго, каб у зімне-стойлавы сезон пракарміць больш за 6 000 галоў буйной рагатай жывёлы, у гаспадарцы сёлета плануюць нарыхтаваць каля 1 600 тон сена, крыху больш за 30 000 сенажу і каля 37 000 сіласу – усяго 19 733 тон кармавых адзінак, з разліку на адну ўмоўную галаву гэта 2,5 цэнтнера.
Няма тых работ у гаспадарцы, на якіх не працаваў бы Віталь Мілэйша. Мінулым летам, да прыкладу, механізатар убіраў травы на кормаўборачным камбайне і па выніках прафсаюзнага спаборніцтва заняў другое месца ў раённай корманарыхтоўцы з вынікам 4 857 тон. Віталь Мілэйша заняты на адвозцы зялёнай масы. Кожны ўчастак пасля таго, як на ім скошана і ўбрана трава, адразу падкормліваюць азотам.
На трактары з прычапной касілкай КПРР-9 не першы год працуе Зыгмунд Лукашэвіч. Пад націскам вострых лёзаў касілкі травы кладуцца ў пракос шырынёй дзевяць метраў. Па выніках касавіцы мужчыну неаднойчы прызнавалі адным з лепшых механізатараў раёна і вобласці.
Пакуль адны косяць і возяць траву, другія яе трамбуюць круглыя суткі – гэта без перабольшвання, бо так патрабуе тэхналогія закладкі сянажнай масы.
Артур Высоцкі, вадзіцель
Летась у КСУП “Гудагай” пабудавалі па адной сянажна-сіласнай траншэі каля малочна-таварнага комплексу “Германішкі” і малочна-таварнай фермы “Дрэвянікі”, яшчэ адну давялі да толку ў Смілгах. Сёлета да восені гудагайцы плануюць скончыць будаўніцтва траншэй каля фермаў у Ліпнішках і Лошы.
На МТК “Германішкі” ўтрымліваецца каля 2 000 галоў буйной рагатай жывёлы.
Начальнік МТК “Германішкі” Галіна Карвэцкая старанна сочыць за працэсам закладкі зялёнай масы ў траншэю і фіксіруе асноўныя даныя ў журналах: колькасць рэйсаў, вагу перавезенай травы, тэмпературу і вільготнасць “зялёнкі” ў траншэі.
У КСУП “Гудагай” формула паспяховасці корманарыхтоўкі – травы, тэхніка і тэхналогія – узведзена ў ранг закона. І не дзіва, што надоі тут найбольшыя ў раёне!