1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиАляксандр Кірэй — механізатар, поўны сілы і рашучасці прыносіць карысць
19 марта 2024

Аляксандр Кірэй — механізатар, поўны сілы і рашучасці прыносіць карысць

Стойлавае ўтрыманне жывёлы — самы складаны і адказны перыяд у жывёлаводаў. Ад таго, наколькі сытна будзе накормлена жывёла, а значыць, у пару падвезены і выдадзены кармы, адпаведна распрацаваных рацыёнаў, залежыць прыбытак у малочным і мясным цэхах.

Механізатар КУВСП імя Маркава Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці Аляксандр Кірэй займаецца падвозам кармоў на жывёлагадоўчыя фермы гаспадаркі. Хутка і своечасова ажыццяўляе рэйсы трактарыст, каб раніцай і ўвечары накарміць буйную рагатую жывёлу.

Пасля ранішняга падвозу механізатар прыехаў на абедзены перапынак да сваёй сядзібы. Мы ў чарговы раз сустрэліся і пагутарылі з гэтым трактарыстам-універсалам.

— У нас, механізатараў, цяпер клопатаў не так і шмат, як у перыяд пасяўной кампаніі, — кажа Аляксандр, — але, тым не менш, без не справы не сядзім. Перад пачаткам зімы я паставіў на захоўванне корманарыхтоўчы камбайн «Ягуар-850», на якім працую ўжо шмат сезонаў. Займаўся рамонтам трохметровай сеялкі «Лемкен», каб вясной без прамаруджвання прыступіць да сяўбы яравых культур. Потым схадзіў у працоўны водпуск, а цяпер дапамагаю жывёлаводам — займаюся транспарціроўкай кармоў.

Сваю механізатарскую справу Аляксандр шчыра любіць. Нездарма пасля заканчэння школы і праходжання тэрміновай службы ў войску ён не змяніў вясковае жыццё на гарадское, а застаўся на малой радзіме.

Чытачам нашай газеты добра вядома імя гэтага перадавога механізатара не толькі мясцовага сельгаспрадпрыемства, але і раёна. Як толькі пачынаецца вясенняя пасяўная, мужчына першы выводзіць свой трактар на палеткі і загортвае насенне зерневых культур у прагрэтую сонцам глебу. З пачаткам касавіцы Кірэй перасаджваецца за штурвал камбайна «Ягуар-850» і здрабняе травы на корм жывёле. Штогод перадавы механізатар запісвае на свой рахунак сотні гектараў пасеяных плошчаў і тысячы тон здрабнёнай зялёнкі.

Нягледзячы на тое, што Аляксандр Кірэй ужо знаходзіцца на заслужаным адпачнку, ён яшчэ поўны сілы і рашучасці прыносіць сваёй сціплай працай карысць роднай гаспадарцы.

— Зусім хутка пацяплее, прагрэецца глеба, ажывуць палеткі і мы, механізатары прадоўжым сваю адвечную справу — вырошчваць хлеб, — упэўнена прамовіў мужчына.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара

Газета «Кліч Радзімы»