1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиБайцы нябачнага жніўнага фронту
25 августа 2022

Байцы нябачнага жніўнага фронту

У Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці прайшла прафсаюзная акцыя «Жанчына – за ўраджай!»

Падчас дабрачыннай акцыі «Жанчына – за ўраджай!», якую сумесна правялі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Палякова і старшыня Шумілінскай раённай арганітзацыі прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова, мелі на мэце падзякаваць за сумленную працу тым жанчынам, работа якіх (на працягу трыццаці гадоў і больш) так ці інакш звязана з прыёмкай зерня з поля, з сушкай збожжа і яго адпраўкай на склады.

«Ды што вы, я нічым не вызначылася, як заўсёды, раблю сваю работу, – сумелася падчас віншавання сціплая загадчыца зернесушыльнага комплексу Вольга Мікалаеўна Голубева з ААТ «Прыазёрны мір». – Прымаем, сушым, адпраўляе, сочым за работай аператараў. Трэба ж, каб усюды быў парадак».

Дырэктар гаспадаркі Юрый Савіцкі, якога сустракаем на зернетаку, хваліць загадчыцу комплексу на надзейнасць і бездакорную работу – усё ж рупіцца ў гаспадарцы каля сарака гадоў.

Такі ж зайздросны стаж і ў Таццяны Лявонавай з КУСГП «Сіроцінскі», якая падчас жніва «жыве на зернесушыльным комплексе». Яна тут і ў святы, і ў выхадныя, і раніцай, і позна вечарам, бо поўнасцю адказвае за захаванасць збожжа, што вырасціла сельгаспрадпрыемства. 

З сельскай гаспадаркай звязана ўсё жыццё Ганны Карняковай з СФГ «Раднік». Яна працавала і загадчыцай склада, і кладаўшчыком, а цяпер яшчэ і галоўным аграномам. Так што добры ўраджай зерневых і насення шматгадовых  траў – гэта яе заслуга.

У гэты ж дзень віншавалі і загадчыцу зернекомплексу КУСГП «Ульскі» Галіну Іосіфаўну Сіпко, якая таксама прысвяціла сельскай гаспадарцы амаль сорак гадоў. І будзе працаваць надалей, пакуль хопіць сіл.

– Жніво – гэта справа рук не толькі мужчынскіх. Пасільны ўклад ва ўборку ўраджаю ўносіце і вы, жанчыны, – адзначыла Ірына Палякова, уручаючы падзячныя лісты і падарункі. – Магчыма, на зернескладах ваша работа не заўсёды на віду. Але ж вы “байцы нябачнага жніўнага фронту”. Вы прымаеце збожжа, адказваеце за яго сушку, узважваеце, адпраўляеце ў склад, падлічваеце. І гэта таксама важная і патрэбная работа. Вялікі дзякуй за шматгадовую плённую працу, надзейнасць і разуменне.

Ларыса ЗАЙЦАВА

“Герой працы”