Напачатку тыдня найбольшы спрыт дэманстравалі варнянскія сейбіты, якія за дзень засявалі ажно 124 гектары. Няма чаго дзівіцца: у КСУП «Варняны» найбольшая ў раёне плошча ворыўных зямель – ажно 4 680 гектараў. Структура пасяўных плошчаў у КСУП «Варняны» сёлета, у параўнанні з міну¬лым годам, значна не змянілася: пад авёс адведзена 200 гектараў, ячмень – 1 400 гектараў, пшаніцу – 370 гектараў, зернебабовыя – 150 гектараў, кукуруза зойме 1 350 гектараў.
Азімыя збожжавыя і рапс сёлета нядрэнна перазімавалі: на адным полі, праўда, варнянцаў падвёў трыцікале. Але гэта, па словах агранома, праблема вырашальная: з дапамогай СПУшкі ўшчыльняць пасевы – і павінен атрымацца нядрэнны фураж.
Непадалёк ад вёскі Трокенікі на магутным энерганасычаным трактары, які працуе ў счэпцы з камбінаваным пасяўным агрэгатам, яравую пшаніцу сеяў Валерый Юркойць – адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі. Па выніках спаборніцтва райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Валерый неаднойчы ўваходзіў у лік перадавікоў вясенне-палявых і жніўных работ. А ў 2015 годзе па выніках пасяўной кампаніі ён быў прызнаны лепшым механізатарам Гродзеншчыны. Цікаўлюся ў сейбіта, як сёлета працуецца.
…З першымі сонечнымі пром¬нямі варнянцы выводзяць у поле тэхніку: аруць, культывуюць, падкормліваюць азімыя, сеюць. Яшчэ б у нябеснай канцылярыі пачулі просьбы хлебаробаў і паслалі б цяпло на пару з дажджом – тады, глядзіш, і збажына дала б 40 цэнтнераў на круг.