1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиЦі застаецца молодзь у сельскай гаспадарцы?
13 ноября 2022

Ці застаецца молодзь у сельскай гаспадарцы?

Перспектывай далейшага развіцця той ці іншай галіны, як таго ці іншага вытворчага калектыву, з’яўляецца своечасовае і разумнае ўкладанне грашовых сродкаў у мадэрнізацыю вытворчасці і яе тэхнічнае пераўзбраенне. Не менш важным з’яўляецца і ўкладанне сродкаў у інтэлектуальны патэнцыял калектыву, падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў і наогул прафарыентацыйная работа, якая садзейнічае замацаванню на месцы маладога папаўнення.

Якім чынам пастаўлена такая работа ў Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці, за кошт чаго там атрымліваецца затрымліваць моладзь на вёсцы, якія перспектывы чакаюць выпускнікоў ВНУ і каледжаў? Пра гэта гутарылі са старшынёй Бярэзінскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Марынай КАЎЗУНОВІЧ.

— Марына Аляксандраўна, перш чым атрымаць маладога спецыяліста, яго трэба спачатку выгадаваць. Са школы, бо менавіта тут будучы абітурыент вырашае свой далейшы жыццёвы шлях і прафесію. Якім чынам супрацоўнічаюць паміж сабой школа і гаспадарка?

— У сістэму прафарыентацыйнай работы ўваходзяць сустрэчы школьнікаў з прадстаўнікамі галіновых навучальных устаноў, работа ў час летніх канікул у сваіх сельскагаспадарчых прадпрыемствах, гутаркі са спецыялістамі, адчуванне клопату і ўвагі да сабе з боку кіраўнікоў гаспадарак падчас урачыстых лінеек, прысвечаных пачатку навучальнага года і апошняму званку…

Не застаецца па-за ўвагай дзятвы і педкалектываў і той факт, што гаспадаркі штогод аказваюць школам фінансавую дапамогу на правядзенне рамонтаў, набыццё абсталявання і інвентару. Усё гэта не праходзіць бясследна.

Прывяду толькі некаторыя сёлетнія прыклады (а іх дастаткова па кожнай гаспадарцы). Так, аказаў фінансавую дапамогу ААТ “Пагосцкі” Пагосцкай і Лешніцкай школам, “сваім” аднайменным школам выдзелілі сродкі ААТ “Уша” і ААТ “Брадзец”, ААТ “Бярэзінскі” — Гарэніцкай школе, СУП “Здравушка-агра” — Паплаўскай школе. А ААТ “Першамайскі” наогул выдзеліў на набыццё тэхнікі значную сумму Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.

— І ці шмат выпускнікоў школ паступае ў навучальныя ўстановы сістэмы АПК?

— У такога роду ВНУ і каледжы бярэзінскія юнакі і дзяўчаты штогод паступаюць на вучобу як самастойна, так і па накіраванні гаспадарак або ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Так, толькі сёлета такія накіраванні атрымалі 7 бярэзінцаў, летась і пазалетась — па шэсць. І гэта толькі вышэйшыя навучальныя ўстановы. Як бачым, аддача істотная.

— Згодны. Аднак вывучыць спецыяліста — гэта толькі палова справы. Важна яго яшчэ годна прыняць на рабочым месцы, стварыць належныя ўмовы — адным словам, зацікавіць у тым, каб утрымаць у сябе.

— А як жа! Думаю, маладым спецыялістам, якія трапілі на Бярэзіншчыну, грэх скардзіцца на тыя ўмовы і клопат, якія яны бачаць з самага пачатку сваёй дзейнасці. І гэта датычыцца не толькі мясцовых выхадцаў, а і тых спецыялістаў, якія апынуліся ў нашым раёне ўпершыню, атрымаўшы размеркаванне.

Прыкладаў можна прыводзіць шмат. Першы, які прыходзіць на памяць, гэта Уладзімір Пясецкі з ААТ “Першамайскі”. Пасля заканчэння сельскагаспадарчай акадэміі ён прыехаў у Мікулічы разам з жонкай Вольгай. Абое займаюць адказныя пасады: ён — галоўны аграном, яна — галоўны эканаміст. Як людзям немясцовым, ім далі ўтульнае жыллё. На рабоце абодва спецыялісты маюць добрую рэпутацыю. Пакідаць сваё першае месца работы муж і жонка не збіраюцца, хаця адпрацавалі тут ужо па пяць гадоў.

Анастасія Мельнік з Брэстчыны па размеркаванні папрасілася на працу ў ААТ “Пагосцкі”. Сёння яна спалучае абавязкі юрыста і інспектара па кадрах. Маючы толькі сярэднюю спецыяльную адукацыю, завочна паступіла ў ВНУ. А гэта — прыступка для далейшага прафесійнага і кар’ернага росту. Бярэзіншчынай задаволена.

Школу работы ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы прайшоў былы малады спецыяліст — Яўген Пілецкі. Сёння ён — адзін з вядучых галоўных аграномаў раёна, а свае веды і вопыт укараняе ў вытворчасць у калектыве СУП “АграМАЗ”.

Яшчэ адзін наш зямляк — Андрэй Гусараў — прайшоў шлях ад маладога агранома ў ААТ “Бярэзінскі” да галоўнага спецыяліста ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні.

Добра вядомыя на Бярэзіншчыне і такія прозвішчы, як Аляксандр Крук і Дзмітрый Калацэй. Некалі маладыя спецыялісты сёння ўзначальваюць такія гаспадаркі, як ААТ “Брадзец” і сельгасфіліял “Ома”.

Маюць добрыя шанцы кар’ернага росту Уладзіслаў Маркоўскі і Аляксандр Наскавец, якія сёлета ўліліся ў рады спецыялістаў СУП “Здравушка-агра”, бухгалтар ААТ “Багушэвічы” Кацярына Шлетгаўэр і многія іншыя з ліку прыбыўшых сёлета 17 маладых спецыялістаў ВНУ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.

Падобныя прыклады можна працягваць. І прычына таго, што маладыя людзі застаюцца на Бярэзіншчыне, актыўна працуюць на ніве сельскай гаспадаркі не толькі ў тым, што наша старонка такая мілая і багатая на прыроду. Вабяць сюды моладзь сапраўды чулыя адносіны да сябе з боку мясцовых кіраўнікоў, належныя жыллёвыя ўмовы (сямейныя адразу атрымліваюць добраўпарадкаванае жыллё з усімі выгодамі, адзінокія — інтэрнат або пакой у доме, дзе ўжо ўсталявана ўсё неабходнае для жыцця), годная заработная плата, магчымасць росту па службе, цудоўныя шляхі зносін са сталіцай…

Як бачым, укладанне сродкаў у інтэлектуальны патэнцыял дае свае станоўчыя дывідэнды. І той, хто клапоціцца аб заўтрашнім дні і перспектыве развіцця свайго калектыву, мае рацыю, калі не шкадуе на гэта сродкаў.

Анатоль ПАЛЫНСКІ

Фота Алены ГРОМАВАЙ