Такімі словамі прызнаецца ў любові да роднага прадпрыемства начальнік вытворчасці і прафсаюзны лідар Жабінкоўскага камбікормавага завода Аксана Яхалкоўская. Да слова, прафсаюзная арганізацыя, якую яна ўзначальвае, адна з буйнейшых на Жабінкаўшчыне і аб’ядноўвае 453 працаўнікоў.
Яе родная Ліда была і ёсць горадам маладых ды мэтанакіраваных. Калі на парозе ХХІ стагоддзя Аксана заканчвала школу (да слова, з сярэбраным медалём), у Лідзе запрацаваў вялікі камбінат хлебапрадуктаў. Многія юнакі і дзяўчаты марылі ўладкавацца на сучаснае прадпрыемства, а шляхам да ажыцяўлення мары было, вядома, навучанне. Гэта і прывяло Аксану (тады яшчэ Каханоўскую) у політэхнічны тэхнікум у Маладзечне, які яна і скончыла ў 2002 годзе з адзнакай.
1 красавіка (і гэта зусім не жарт!) стала для маладога спецыяліста днём знаёмства з Жабінкай і камбікормавым заводам. Першая сустрэча выклікала розныя адчуванні. Усё ж раней даводзілася жыць і вучыцца ў вялікіх гарадах з насельніцтвам больш за 100 тысяч чалавек. У параўнанні з імі Жабінка выглядала невялічкім пасёлкам, але (і гэта радавала) уражвала сваёй утульнасцю ды спакоем, таму і стала для сваёй новай жыхаркі сапраўдным родным домам.
Вось і палюбіла Каханоўская Жабінку, дзе хутка знайшла і каханне. Раман Яхалкоўскі таксама працаваў на камбікормавым заводзе. Тут маладыя сустрэліся, пасябравалі, з часам і сям’ю стварылі, дзе гадуюцца зараз любімыя сыны Саша ды Арсеній.
Амаль адразу, як уладкавалася на камбікормавы завод, Аксана Яўгеньеўна адчула: нельга спыняцца на дасягнутым. Для росту абавязкова неабходна працягваць навучанне, тым больш, што сучасная камбікормавая вытворчасць патрабуе спецыялістаў, скажам без перабольшвання, экстракласа. Таму наша гераіня неўзабаве паступіла завочна ў Маскоўскі політэхнічны ўніверсітэт тэхналогій кіравання. На працягу чатырох гадоў яна ў час сесій наведвала вучэбныя аўдыторыі ў расійскай сталіцы, каб вясной 2006-га атрымаць дыплом інжынера.
Адначасова Аксана Яўгеньеўна расла і па службовай лесвіцы. За два дзясяткі гадоў яна прайшла шлях ад апаратчыка камбікормавай вытворчасці і майстра змены да кіраўніка цэха і начальніка вытворчасці магутнага прадпрыемства, якое нездарма называюць прамысловым флагманам горада-спадарожніка. На гэтай пасадзе Аксана Яхалкоўская з пачатку 2020 года па сённяшні дзень.
– Узровень адказнасці надзвычай вялікі, – дзеліцца суразмоўца, – Уявіце сабе: у падпарадкаванні начальніка вытворчасці ажно тры асноўныя цэхі – камбікормавы, фасоўкі гатовай прадукцыі і вытворчасці алейных культур. Таму планы, якія спачатку кладуцца на паперу, а потым ажыццяўляюцца ў вытворчым працэсе, сапраўды маштабныя.
І разам з тым Аксана Яўгеньеўна знаходзіць час для прафсаюзнай дзейнасці. У сакавіку 2018 года на канферэнцыі арганізацыі ёй аказалі давер і абралі прафлідарам. Зазначым: калектыўны дагавор, па якім жывуць і працуюць камбікормаўцы, надзвычай добры, што і адчувае літаральна кожны работнік.
Увогуле, завадчане не стаяць у баку ад шматлікіх мерапрыемстваў, якімі запоўнена прафсаюзнае жыццё. Напрыклад, яны нязменна вяртаюцца з узнагародамі са спартыўных спаборніццаў. Летась па выніках 2021 года прафсаюзная арганізацыя ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” на чале са сваім лідарам прызнана лепшай на Жабінкаўшчыне. А сёлета прадпрыемства занесена на Дошку гонару раёна. Дарэчы, раней праца і самой Аксаны Яхалкоўскай адзначалася падобным чынам.
– Я чалавек, што вельмі перажывае за агульны вынік, надзвычай улюбёная ў родны завод, з якім звязаны самыя лепшыя адчуванні. Гэта цудоўная часцінка майго жыцця, – прызнаецца наша гераіня. – Прафсаюзная работа – не з лёгкіх: усё ж на прадпрыемстве занятыя розныя людзі са сваім характарамі, інтарэсамі, патрабаваннямі. Але ж стараемся, каб яны былі задаволеныя і адчувалі штодзённую падтрымку ды абарону; каб выконваліся правы работнікаў і захоўвалася тэхніка бяспекі. Бо кожны павінен жывым-здаровым, адчуваючы радасць ад вынікаў сваёй працы, вяртацца са змены дамоў у сям’ю, дзе яго чакаюць родныя людзі.
Анатоль БЕНЗЯРУК, «Сельская праўда»