1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиДарогу маладым
31 октября 2022

Дарогу маладым

У Шумілінскі раён Віцебскай вобласці сёлета пасля заканчэння вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў прыбылі на першае працоўнае месца 72 маладыя спецыялісты, з iх 45 – з галіны АПК.

Кіраўнік прафсаюзнай арганізацыі раёна Вольга Пусенкова падчас сустрэчы адзначыла падтрымку, якую прафсаюз аказвае маладым спецыялістам, а таксама арганізавала для моладзі экскурсію на вытворчы цэх ААТ «Полацкі малочны камбінат», дзе яны пазнаёміліся з працэсам вырабу сыроў.

Таксама маладыя работнікі наведалі СШ №1 г. п. Шуміліна , дзе дазволілі зазірнуць у «школу будучага». Ва УП ЖКГ пазнаёмілі з арганізацыяй работы з моладдзю.

На Алеі Славы ў гарадскім парку райцэнтра – месцы памяці аб гераічных і трагічных старонках гісторыі нашага раёна і ўсёй Беларусі – маладыя людзі ўсклалі кветкі да помніка і мемарыяльных пліт на брацкіх могілках.

Таксама на сустрэчы прысутнічала намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, якая пажадала маладым людзям плённай працы.

— У перспектыўны кадравы рэзерв райвыканкама ўваходзіць 21 спецыяліст ва ўзросце да 31 года, гэта будучыя кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў Шуміліншчыны. Таму пастаянна працуйце над сабой. Кожны дзень рабіце хаця б адзін крок наперад. Не бойцеся звярнуцца з пытаннем ці за парадай да старэйшых калег, кіраўніцтва арганізацый і раёна, – падкрэсліла Ірына Шалахава.

Намеснік старшыні райвыканкама звярнулася да кіраўнікоў арганізацый і папрасіла не пакідаць моладзь сам-насам з праблемамі, падтрымліваць маладых спецыялістаў і дапамагаць набірацца вопыту. Як адзначыла Ірына Шалахава, вельмі часта адносіны ў калектыве з’яўляюцца вырашальнымі, ці застанецца малады спецыяліст у раёне.

Завяршылася мерапрыемства інтэлектуальна-музычным турнірам «Планета пад назвай Маладосць».

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ

Па матэрыялах газеты “Герой працы”