Сёння людзі ў сваёй большасці жывуць у гарадах, але па-ранейшаму зямля-карміцелька прагне іх рук, якія б яе апрацоўвалі, дапамагалі насенню стаць усходамі, ратавалі глебу ад смагі, збіралі спелы ўраджай. Гэтым у хуткім часе і будзе займацца значная частка навучэнцаў каледжа. Зрэшты, разам са сваімі майстрамі і куратарамі яны ўжо зараз шчыруюць на палях вучэбнай гаспадаркі і сельгаспрадпрыемстваў раёна, а напярэдадні прафесійнага свята аграрыяў падводзяць вынікі сваёй працы.
Навучальная ўстанова мае 105 гектараў зямлі, на якіх і моладзь, і дарослыя завіхаюцца з ранняй вясны да позняй восені. Сёлета яны сабралі 295 кг капусты, 838 кг агуркоў, 322 — цыбулі, 940 — буракоў, 96 — памідораў, 12 тон пшаніцы, 12 — рапсу, 13 — бульбы і 60 — ячменю. Практычна ўся гародніна рэалізавана ў сталовую каледжа, што дазволіла зрабіць таннейшымі абеды навучэнцаў, якія харчуюцца за ўласныя сродкі (узровень ССА). Іх кошт не перавышае двух рублёў. Таксама ва ўстанове вырошчваюць расаду кветак і гародніны. У гэтым годзе пад ураджай наступнага засеяна 50 гектараў азімых зерневых. Завершаны ўздым зябліва. Дырэктар каледжа Сяргей Герасіменка па¬дзякаваў усім за сумленную працу, назваў прозвішчы работнікаў і нумары груп, якія былі задзейнічаны на кожным участку, пажадаў так трымаць і надалей. Вядучыя свята па традыцыі ўручылі Сяргею Мікалаевічу каравай з ураджаю бягучага года. За працу на зямлі вучэбнай гаспадаркі яе загадчык Валерый Куцуха ўручыў хлопцам і дзяўчатам салодкія падарункі — торт кожнай вучэбнай групе.
Прадукцыйна папрацавалі навучэнцы каледжа і на ўборцы бульбы. Яны сабралі 897 тон другога хлеба з палёў трох сельгасгаспадарак раёна — ААТ «Навасёлкі-Лучай», «Хацілы-агра» і «Камайскі-агра». Усяго было задзейнічана 9 груп. Першае месца падзялілі паміж сабой групы 218 і 1-ТМ, на другім — 221-я, на трэцім — 67-я. Найлепшы вынік на ўборцы клубняў паказалі Вячаслаў Бабіч, Антон Янчэўскі, Дзяніс Рамановіч, Павел Капуста, Раман Шабан, Максім Новак. Іх заработная плата склала ад 370 да 567 рублёў. Падзякаваць навучэнцам за плённае супрацоўніцтва на свята прыйшлі юрыст ААТ «Навасёлкі-Лучай» Алена Махніс і галоўны спецыяліст ААТ «Хацілы-агра» Наталля Пабядзінская. І не толькі словамі — прадстаўнікі гаспадарак уручылі дырэктару ўстановы грашовыя сертыфікаты. Такі ж падарунак мела і галоўны бухгалтар раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Завіша. Таксама яна ўручыла Сяргею Мікалаевічу Ганаровую грамату прафсаюза работнікаў АПК за добрасумленную працу і ўклад у развіццё сельскагаспадарчай
Падчас мерапрыемства навучэнцы каледжа парадавалі прысутных не толькі сваімі працоўнымі дасягненнямі, але і цікавымі творчымі нумарамі.