1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиДзмітрый і Міхаіл Роўба. Сакрэт поспеху братоў-хлебаробаў
02 октября 2023

Дзмітрый і Міхаіл Роўба. Сакрэт поспеху братоў-хлебаробаў

Ва ўсе часы беларускі народ у песнях, вершах, прыказках і прымаўках ухваляў працоўнага чалавека, а праца лічылася паказчыкам годнасці і высакародства. Стваральная дзейнасць узвышае асобу. Асабліва цэніцца ў нашай краіне праца хлебароба.

Дзмітрый і Міхаіл Роўба — родныя браты. Абодва яны скончылі аграрна-тэхнічны ліцэй у аграгарадку Бярэзінскае, атрымалі адну і тую ж спецыяльнасць “трактарыст-машыніст”, а зараз працуюць у КСУП “Гальшаны” Гродзенскай вобласці. Іх сямейны экіпаж падчас уборачнай кампаніі паказаў добрыя вынікі. Любоў і беражлівыя адносіны да зямлі яны перанялі ад бацькі Міхаіла, які працаваў трактарыстам. Дзмітрый Роўба зазначае:

— Усе хлопчыкі любяць тэхніку. Мы з братам не былі выключэннем. З дзяцінства ўяўлялі сябе вадзіцелямі вялікага аўтамабіля, у нас было безліч цацак, але куды болей нас вабіў бацькаў трактар. Заўсёды хацелася залезці ў кабіну, адчуць сябе кіроўцамі. Калі бацька дазваляў сесці за руль, то мы былі па-сапраўднаму шчаслівымі. Я ўжо тады дакладна ведаў, што пайду па татавай сцяжынцы.

Дзмітрый ужо чатыры гады працуе ў гаспадарцы. За гэты час ён пераняў каштоўны вопыт у калег, навучыўся працаваць якасна, адказна і самастойна. Падчас уборачнай кампаніі малады чалавек кожны раз дэманструе высокія вынікі, а кіраўніцтва гаспадаркі яго паважае і цэніць за адказнасць і дакладнасць.

За працай Дзмітрыя пільна сачыў малодшы брат Міхаіл. Ён бачыў поспехі старэйшага брата, яго бязмежную любоў да сваёй справы. Гэта аказала на яго моцны ўплыў.

— Я бачыў, што Дзіма задаволены сваім выбарам. Заробкі ў гаспадарцы добрыя, таму і я вырашыў паспрабаваць свае сілы ў гэтым накірунку. Працую нядоўга, але мне падабаецца. Радуе і тое, што ёсць чалавек, які можа дапамагчы. На ўборцы з братам таксама было вельмі зручна і камфортна. Ён тлумачыў многія незразумелыя для мяне рэчы, падказваў і накіроўваў. Напэўна, чужы чалавек так бы мне не дапамагаў.

Нарадзіліся і выраслі хлопцы ў вёсцы Багданава на Валожыншчыне, аднак па волі лёсу трапілі ў Ашмянскі раён. Дзмітрый і Міхаіл жывуць у Семерніках. Гаспадарка выдзеліла для іх уласнае жыллё. Старэйшы брат паспеў стварыць сям’ю і ўжо выхоўвае дваіх дзетак. Хутка радасная падзея адбудзецца ў жыцці малодшага брата: ён зарэгістрыруе шлюб з каханай Вікторыяй. Будучая жонка атрымлівае прафесію прадаўца. А пасля завяршэння навучання плануе прыехаць да мужа.

— Нам падабаецца наша гаспадарка. Кіраўніцтва адносіцца з павагай, цэніць і паважае. Калектыў таксама дружны і зладжаны. Мы працуем адказна і рупліва, таму атрымліваем ад сваёй дзейнасці сапраўднае задавальненне. Чалавек без працы жыць не можа. Толькі дзякуючы ёй адчуваеш сябе патрэбным, — зазначае Міхаіл Роўба.

Калі глядзіш на братоў-хлебаробаў, прыходзіць разуменне, што надзвычай важна знайсці сваю дарогу сярод соцень іншых, ісці па ёй і ніколі не збочваць. І толькі тады, напэўна, можна быць па-сапраўднаму шчаслівым.

Марта БАГДАНОВІЧ

Фота аўтара

«Ашмянскі веснік»