1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиГалоўны аграном сельгаспрадпрыемства «Абарона» Добрушскага раёна расказаў, чаму яго штодня вучаць калектыў і зямля
04 февраля 2025

Галоўны аграном сельгаспрадпрыемства «Абарона» Добрушскага раёна расказаў, чаму яго штодня вучаць калектыў і зямля

Уцеплены рабочы касцюм і высокія боты. Нават глыбокай восенню Уладзіслаў Пухоўскі не можа сабе дазволіць закрыцца ў адміністрацыйным будынку і займацца выключна «папяровай» работай.

— Нават у лістападзе працягваем у гас­падарцы сезонныя справы, – расказвае суразмоўнік. – Узнімаем зябліва, падрыхтоўваем камбайны і трактары да наступнага года, дапрацоўваем сабранае кукурузнае зерне.

За пяць гадоў у «Абароне» Добрушскага раёна Гомельскай вобласці малады спецыяліст «дарос» да адказнай пасады. Ці было гэта марай? Не, хутчэй патрэбай праявіць свае веды, атрымаць практычны вопыт, стаць неад’емнай часткай калектыву, які прыняў і падтрымаў.

Усяго ж на сённяшні дзень у сельгас­прадпрыемстве працуюць шасцёра маладых спецыялістаў. Акрамя таго, што моладзь шчыруе плячо ў плячо, дык яшчэ і жывуць яны побач, у службовых дамах.

— Вядома ж, маем зносіны. Але выключна сяброўскія. Сям’ёй пакуль не абзавёўся, – пасміхаецца малады аграрый. – Ды і няма калі, зямля патрабуе ўсёй маёй энергіі. Таксама многаму вучыць: адказнасці, увазе да дробязяў.

Вось і сёння Уладзіслаў Пухоўскі збіраецца на палетак. Хоча праверыць, як растуць азімыя. Агляд сцяблін і каранёў паказвае: развіццё пасеваў ідзе згодна норме.

Хаця падчас пасяўной і ўборачнай работнікі гаспадарак і спаборнічаюць паміж сабой, усе разам мы робім адну справу – кормім землякоў, – напамінае галоўны аграном. – Таму ўсім добрушскім земляробам жадаю, каб азімыя шчоткай стаялі. Будуць зерневыя, будзе і дабрабыт.

Вольга Глызіна, фота аўтара

Газета «Добрушский край»