1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиГалоўны заатэхнік ААТ «Пагосцкі» Бярэзінскага раёна
21 мая 2024

Галоўны заатэхнік ААТ «Пагосцкі» Бярэзінскага раёна

Калісьці ў свой час Наталля Сокал маладым спецыялістам трапіла пасля атрымання вышэйшай адукацыі на Бярэзіншчыну Мінскай вобласці, ды так і засталася тут. Вучылася ў старэйшых, сталела, набывала вопыт і веды. І сёння яна – адзін з аўтарытэтных кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў рэгіёна.

Але і да гэтага часу ў яе памяці захаваліся цёплыя ўспаміны пра свае першыя крокі, настаўнікаў, калег, спецыялістаў упраўлення па сельскай гаспадарцы, з якімі звязваў яе лёс. Таму Наталля Уладзіміраўна мае своеасаблівыя адносіны да маладых спецыялістаў, заўсёды з задавальненнем прымае іх на працу, гадуе, давярае і дае магчымасць праявіць сябе на адказных пасадах.

У іх ліку і Павел Сальнікаў – нядаўні выпускнік Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Толькі летась у ліпені прыбыў ён пасля размеркавання ў ААТ «Пагосцкі». Адразу атрымаў пасаду заатэхніка на малочнатаварным комплексе у Капланцах. Яго дзелавыя якасці і веданне справы за кароткі час дазволілі кіраўніку заўважыць у маладым спецыялісце рабочы патэнцыял і ўжо зараз Павел – галоўны заатэхнік гаспадаркі.

Пра сябе малады чалавек расказаў, што ў яго за плячыма не толькі «корачкі» аб заканчэнні акадэміі. Яшчэ да гэтага ён паспеў закончыць Рэчыцкі аграрны каледж, таксама па спецыяльнасці заатэхніка. Сваім размеркаваннем на Бярэзіншчыну застаўся задаволены. Чаму б і не? Тут створаны ўсе належныя ўмовы. Атрымаў жыллё – у калгасным доме, які падзяляе разам са сваім былым аднагрупнікам Іванам Маркаўцом (ён працуе на Лешніцкім МТК). Усё неабходнае ў доме ёсць.

Што датычыць работы, асаблівых непаразуменняў з калегамі або падначаленымі тут не ўзнікае, а калі і здараюцца некаторыя спрэчкі, то выключна па справе. Так што мікраклімат у калектыве спрыяльны. Што датычыць ускладзенай нагрузкі – быць галоўным спецыялістам гаспадаркі, то гэта выклікае ў Паўла дадатковыя пачуцці адказнасці і імкнення даказаць, што ў выбары яго асобы дырэктар не памылілася.

Істотную дапамогу аказвае маладому спецыялісту старэйшая калега – галоўны ветурач сельгаспрадпрыемства Лілія Дзяхцяр: яна ахвотна дзеліцца вопытам сваёй работы, які назапашвала не адзін дзясятак гадоў. І веды гэтыя ўспрымаюцца як добрая парада настаўніка.

– Мне спадабалася, як мяне сустрэлі ў гэтым калектыве, – расказвае Павел. – Не ўзнікае праблем і з графікам работы, ёсць выхадныя. Пражываю ў Лешніцы, а гэта зусім побач з горадам, так што ёсць магчымасць адпачыць і там. Абзавёўся на новым месцы сябрамі. Акрамя Івана ў іх ліку Радзівон, які працуе ў Пагосце, Дзяніс, які працаваў аграномам і зараз пайшоў служыць у армію. Ды і з іншымі маладымі людзьмі не сядзім без справы. Удзельнічалі ў праводзімых вясной суботніках па навядзенні парадку.

А бачылі б вы, як наша каманда гаспадаркі выступала на раённай спартакіядзе работнікаў АПК: амаль усе першыя месцы былі нашымі! Так што жыццё ў нас актыўнае, поўнае і не дае часу сумаваць.

Анатоль ПАЛЫНСКІ