У сельскай гаспадарцы, а тым больш у жывёлагадоўлі, выпадковых людзей не бывае. Мноства вяскоўцаў на адным месцы працуюць усё жыццё. Не выключэнне і жывёлавод РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» Міраслава Букель – партрэт жанчыны сёлета занесены на раённую Дошку гонару. З перадавой цялятніцай карэспандэнт «АП» сустрэлася на малочна-таварным комплексе «Рытань».
– Я, напэўна, чалавек старой загартоўкі: калі рабіць нешта – то толькі добра, а не абы з рук. Маладзейшыя работнікі нават жартуюць, што столькі людзі не жывуць, колькі я на адным месцы працую. Пачынала ў гэтай гаспадарцы яшчэ на старой ферме, калі комплексаў у раёне не было, – узгадвае пачатак сваёй работы ў саўгасе жанчына. – Хоць хто ведае, як склаўся б лёс, калі не вярнулася б на Астравеччыну з Літвы. Але ні аб чым не шкадую: тут прайшлі лепшыя гады майго жыцця, нарадзіліся сын і дачка. Дарэчы, абое сямейныя, а я бабуля пяцігадовага гарэзы-ўнука.
…У дзяцінстве, як і большасць вясковых дзяцей, Міра пасвіла кароў, палола грады, сенавала – словам, дапамагала старэйшым.
– Родам я з Вялікіх Свіранак. Бацькі на мясцовай ферме даглядалі цялят. Калі таты не стала, мама працавала качагарам у магазіне, хадзіла на палявыя работы, – расказвае пра сям’ю жанчына. – Пра адукацыю мы, у адрозненне ад сучаснай моладзі, так сур’ёзна не задумваліся. У мяне не было выразнага ўяўлення, кім хачу быць. Праўда, заўсёды хацелася паглядзець свет, даведацца, як жывуць людзі ў іншых гарадах.
Часткова юначае жаданне Міраславы Зянонаўны збылося. Пасля Падольскай сярэдняй школы яна паступіла ў Вільнюскае чыгуначнае вучылішча. Вучоба падабалася, але найбольш сэрца грэла перспектыва паглядзець свет.
– Уладкавалася на мясцовую чыгунку. Некалькі гадоў працавала па маршруце Вільнюс-Масква, аб’ездзіла палову Савецкага Саюза і ўсю Прыбалтыку, – з настальгіяй узгадвае жанчына.
Здавалася б, як за шматлікімі камандзіроўкамі і паездкамі знайсці час на асабістае жыццё? Але каханне само знайшло Міру. Праўда, не ў чарговым рэйсе на Маскву ці Рыгу, як магло б падумацца, а на радзіме. З будучым мужам яны пазнаёміліся на танцах у Кямелішках.
– Трэба было выбіраць: ці там заставацца, ці вяртацца на Астравеччыну. Уласнае жыллё ў Вільнюсе нам не «свяціла». Вырашылі, што побач з роднымі і блізкімі будзе прасцей, – працягвае Міраслава Зянонаўна. – Жылі са свёкрамі ў Рытані. Дзяцей заўсёды любіла, таму ўсцешылася, калі ў садку вызвалілася месца нянечкі – праўда, часовае. Потым працавала прыбіральшчыцай у канторы. Сямейнае жыццё не склалася, зарабляла мала, а дзяцей падымаць трэба было. Пайшла на ферму – спачатку была начным вартаўніком. Пазней тагачасны галоўны заатэхнік Аўгуль папрасіў падмяніць даярку, але гэта работа была не па мне. Дзяўчына-цялятніца замуж выйшла і выехала з Рытані – мяне паставілі на яе месца. З таго часу на ферме, а цяпер на комплексе, даглядаю самых маленькіх бычкоў і цялушак. Вельмі ўдзячна тагачаснаму старшыні Дзенюшу, што не адмовіў у просьбе: даў жыллё. Дзеці выраслі і выехалі ў Гродна, засталася адна. Ёсць агарод, трымаю кабанчыка і курэй. А сумаваць мне не даюць мае падапечныя – удваіх з напарніцай Святланай Наневіч клапоцімся пра 150 цялят.
Варта зазначыць, што цягам апошніх гадоў у жывёлагадоўлі выкарыстоўваецца метад халоднай гадоўлі. Праз некалькі гадзін пасля нараджэння цялятка пераносяць на вуліцу ў індывідуальны дамок. Лічыцца, што ў малога лепш развіваецца імунітэт, а таксама змяншаецца рызыка распаўсюджвання захворванняў – іх у «дзіцячым садку» малыя лёгка падхопліваюць адзін ад аднаго.
– Як і цяляты, мы таксама кругласутачна на вуліцы. Гадуем бычкоў і цялушак ад нараджэння да 2,5 месяцаў, затым пераводзім у секцыю дарошчвання, – тлумачыць жывёлавод. – Нашы падапечныя зусім як дзеці. Хапаюць за пальцы вільготнымі пыскамі. Мы для іх як другія мамы.
Спачатку малых трэба прывучыць піць з соскі, потым – з вядзерца. Каб жывёла не хварэла, у дамку абавязкова павінна быць суха.
– На ферму прыходзім каля 5.30 і да 11 раніцы нават не прысядзем. Выпаіць кожнага пастэрызаваным малаком, наліць свежую ваду, перасцяліць салому, насыпаць камбікорм у спецыяльныя адсекі – за клопатамі час пралятае хутка, – расказвае цялятніца. – У другой палавіне дня трэба зрабіць тое ж.
Па словах жанчыны, калектыў на МТК «Рытань» – што трэба, поруч тут людзі працуюць не адно дзесяцігоддзе. Шмат гадоў комплекс узначальвае Алена Юхна.
– Валяр’янаўна першай паведаміла, што мой партрэт будзе вісець у Астраўцы на Дошцы гонару. Прыбегла да нас і кажа: «Званіла прафкам. Міра, заўтра едзеш у райцэнтр фатаграфавацца, – працягвае жанчына. – Спачатку разгубілася, а праз некалькі імгненняў адчула небывалую радасць. Прыемна, што столькі гадоў працую – і маю работу заўважылі і адзначылі.
Цікаўлюся ў цялятніцы, ці бываюць у яе працоўныя адпачынкі.
– Цяпер я ў водпуску, але ўсё адно прыбегла на комплекс. Справа не ў тым, што няма каму замяніць, – куды ж я без сваіх гадаванцаў, – з пяшчотай у голасе прамовіла Міраслава Зянонаўна…
І заўтра, і праз тыдзень, як і на працягу апошніх гадоў, пакуль многія будуць даглядаць каляровыя сны ў цёплых ложках, Міраслава Букель у палове шостай раніцы прыбяжыць на комплекс да «сваіх бычкоў і цялушак».
Алёна Гануліч, фота аўтара
Па матэрыялах газеты «Астравецкая праўда»