1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиГродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт дапамагае вызначыцца з прафесіяй
11 октября 2023

Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт дапамагае вызначыцца з прафесіяй

У сярэдніх установах адукацыі Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці прайшлі сустрэчы загадчыка кафедры генетыкі  і гадоўлі сельскагаспадарчых  жывёл Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Святланы Коршун  з навучэнцамі 10-11 класаў. Асноўная мэта  сустрэчы – паспрыяць прафесійнаму самавызначэнню школьнікаў і зарыентаваць выпускнікоў старэйшых класаў на паступленне ў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт.

Падчас гутаркі Святлана Іванаўна звярнула ўвагу старшакласнікаў на асноўныя перспектывы атрымання вышэйшай адукацыі ў сценах аграрнага  ўніверсітэта, пазнаёміла са спецыяльнасцямі, па якіх установа рыхтуе спецыялістаў. Яна адзначыла, што абітурыенты, якія паступаюць для атрымання вышэйшай адукацыі ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, здаюць два профільныя выпрабаванні ў адпаведнасці з абранай спецыяльнасцю ў форме цэнтралізаванага экзамену (ЦЭ) і (або) цэнтралізаванага тэсціравання (ЦТ) альбо два профільныя выпрабаванні  ў форме ўступнага іспыту (вуснага экзамену) ва ўніверсітэце (па выбары абітурыента).

— Выбар прафесіі – адзін з адказных момантаў у жыцці маладога чалавека, які вызначае далейшы жыццёвы шлях. Вучоба ў нашым універсітэце – гэта магчымасць атрымаць запатрабаваную на рынку працы прафесію, адначасова атрымаць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі “В” і з цікавасцю правесці незабыўныя студэнцкія гады, бо ў навучальнай установе створаны ўсе ўмовы для вучобы і самарэалізацыі моладзі, – рэзюмавала Святлана Іванаўна.

Галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Таццяна Новік зрабіла акцэнт на перавазе мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў сельскагаспадарчага профілю з падрабязным тлумачэннем асноўных палажэнняў аб мэтавай падрыхтоўцы. Таксама расказала, як і дзе сёння працуюць маладыя спецыялісты, якая ў іх заработная плата і якімі льготамі карыстаюцца.

Сапраўды, выбар прафесіі – адно з самых важных і складаных рашэнняў у жыцці кожнага чалавека. Мерапрыемствы такога фармату даюць магчымасць старшакласнікам вызначыцца з выбарам будучай прафесіі, а некаторым выпускнікам і з выбарам вышэйшай навучальнай установы.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара

По материалам газеты «Полымя«