АМАТАРЫ ПРЫРОДЫ
Экафэст «У гасцях у полацкага Лесуна» ў чарговы раз сабраў на Полаччыне аматараў прыроды, актыўнага адпачынку і сапраўдных знаўцаў апаветных грыбных куточкаў з арганізацый і прадпрыемстваў горада і раёна, сельсаветаў, клубных і адукацыйных устаноў. Насупер акпесімістычным прагнозам з лесу да Цэнтра турызму і актыўнага адпачынку, дзе чакаў валадар полацкіх лясоў, яны прыбылі са здабычай. Нездарма з самай раніцы да поўдня кланяліся роднай зямельцы, збіраючы лісічкі ды апенькі, сыраежкі ды падбярозавікі, баравікі ды падасінавікі. На месцы свята шпарка ішоў працэс узважвання — высвятлялі, колькі грыбоў назбірала кожная з камандудзельніц экафэсту. А таксама — вызначалі вагу грыбоўнамінантаў на перамогу ў конкурсах на саамы маленькі і саамы вялікігрыб, прымалі на конкурс «крэатыўныя падарункі прыроды».
ВЕСЕЛА, КАРЫСНА, КРЭАТЫЎНА
Каманды грыбнікоў адна за адной вярталіся з лесу і ў працэсе адпачынку мелі магчымасць завітаць на разнастайныя тэматычныя пляцоўкі. Напрыклад, удасканаліць свае веды ў «Полацкай грыбной Акадэміі», якую арганізавалі супрацоўнікі Полацкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Або завітаць да полацкіх медыкаў — атрымаць карысныя парады па ўмацаванні здароўя і нават ціск памерыць пасля ляснога падарожжа. А колькі цікавых забаў, казачных сустрэч і хвалюючых спаборніцтваў прапанавалі педагогі Полацкага раённага Цэнтра дзяцей і моладзі дзятве, якая ў той дзень далучылася да экалагічнага свята! Камандныя выпрабаванні і танцавальныя флэшмобы, гульні і віктарыны, знаёмства з Лесуном і наведванне арыгінальнай фотазоны — далёка не ўсе прапановы, якія хлопчыкі і дзяўчынкі ўспрымалі на «ўра!».
АД «ЦІХАГА» ДА ГУЧНАГА!
Калі асноўная колькасць каманд з’явілася з лесу, на галоўнай пляцоўцы экафэсту, дзе гасцей сустракаў полацкі Лясун са сваімі памочнікамі, распачалася святочная праграма. Урачыстае падвядзенне вынікаў у кожнай з секцый сярод каманд, уручэнне заслужаных узнагарод і падарункаў, дэманстрацыя самых выдатных лясных знаходак, музычныя віншаванні ад творцаў з Полацкага раённага Цэнтра культуры і апладысменты гледачоў, добрыя пажаданні, вясёлая беларуская полька, якую падтрымалі самыя бадзёрыя ўдзельнікі мерапрыемства, дружнае «Чыыыз!» для калектыўнага фота… Натхнёна, з імпэтам сапраўдных аматараў прыроды ўдзельнікі экафэсту віталі землякоў і калег па захапленні. І фінал «ціхага палявання» атрымаўся гучным і шматлюдным!
КАМУ ЎСМІХНУЛАСЯ ЎДАЧА?
А ў пераможцы на гэты раз выйшлі каманды Полацкага хімікатэхналагічнага каледжа, Баравухскага сельсавета, Ясляўсада №1, СШ №8, спартыўнага клуба «Прыдзвінне», Полацкага хлебазавода, ААТ «Полацкгандаль», станцыі хуткай дапамогі, Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Полацкага раёна і Полацкай раённай ЦБС — менавіта яны занялі першыя месцы ў сваіх секцыях. Узнагароду за перамогу ў конкурсе на саамы маленькі грыб атрымала Наталля Ходзікава, прадстаўніца каманды суда Полацкага раёна і г.Полацка, яе знаходка — баравік памерам 2 міліметры. А саамы вялікі грыб — баравік вагой больш за 3 кілаграмы са шляпкай дыяметрам 47 сантыметраў — на конкурс прадставіла Людміла Пашкевіч, бібліятэчны работнік з аграгарадка Завозер’е, са сваімі паплечнікамі з Завозерскага сельскага Дома культуры, на тэрыторыі якога і вырас гэты велікан. Дарэчы, гэта чарговая перамога Людмілы ў конкурсе на саамы вялікі грыб — на мінулых грыбных чэмпіянатах менавіта яе баравікі былі самымі гіганцкімі. Сёлетні яна «вырошчвала» і абараняла ад знішчэння на працягу тыдня!
Ну, а самым цікавым «Крэатыўным падарункам прыроды» была прызнана кампазіцыя, якую прывезла на конкурс каманда Полацкага КХП, яны і атрымалі дыплом пераможцы ў дадзенай намінацыі.
…Вось такі яскравы феерверк з мноства пазітыўных эмоцый падарыла палачанам мінулая «грыбная» субота. А полацкі Лясун ужо вярнуўся ўладарыць у свае бары, гаідыельнікі і чакае нас у госці з грыбнымі кошыкамі!