1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиКамбайнер Алег Бандарэвіч намалаціў рэкордныя 5 тысяч тон зерня
05 сентября 2023

Камбайнер Алег Бандарэвіч намалаціў рэкордныя 5 тысяч тон зерня

І гэта не першы высокі паказчык Алега Бандарэвіча з СВК імя Дзяншчыкова Гродзенскага раёна. Вопытны хлебароб не аднойчы выходзіў пераможцам спаборніцтва на зерневых палетках. Яго філасофія простая і, як аказалася на практыцы, самая дзейсная – працуй і будзе вынік!

Адкрыты суразмоўца

Звычайна разгаварыць механізатара няпроста. Асабліва падчас уборачнай кампаніі. Ды і што асабліва можна даведацца за некалькі хвілін? А больш і не атрымаецца, бо тут, што называецца, кожнае імгненне працуе на ўраджай. І ўсё ж на гэты раз мне пашанцавала: субяседнік аказаўся надзвычай адкрытым чалавекам і стараўся данесці сваё бачанне хлебаробскай справы. Мабыць таму, што з гэтай справай у Алега Бандарэвіча звязана ўсё свядомае жыццё. Сёлетняя ўборачная кампанія не выключэнне.
Мы пад’ехалі да камбайна ў тую самую хвіліну, калі механізатары вярнуліся з абеда. З гэтага і пачалася наша размова. 
— Падсілкаваліся. Вельмі смачны быў гарохавы суп. Не толькі мы яго любім, але і Прэзідэнт таксама. На другое – пярловая каша з мясной падлівай, гарбата і бутэлька мінеральнай вады. Вячэраць таксама будзем, – падтрымаў размову Алег Вітольдавіч.
Асаблівых праблем няма – ураджай добры, не палеглы, як у мінулым годзе. Найбольш складаным аказалася жніво на палетках азімага ячменю, бо разам са спелым коласам пачаў прарастаць новы, зялёны. Нават тэхніцы было складана разабрацца ў такіх тонкасцях. 
– Камбайн разумны, але не разумнейшы за чалавека. І хаця тут настроена адпаведная праграма, я бачу, што ў бункер павінна сыпацца зерне чыстае, не бітае, без калоссяў, таму гэта трэба карэкціраваць, – заўважае ён і падчас размовы ўглядаецца ў хмару, што наплывае на неба. – Дождж нам не сябра зараз, бо мокры колас пачынае чарнець. Таму стараемся як мага хутчэй яго ўбраць.

Хлеб не любіць гоншчыкаў

Працоўны дзень у камбайнера доўгі. На мехдвор прыходзіць у 6 гадзін раніцы, а дамоў, бывае, што і апоўнач толькі трапляе. На вёсцы доўга спаць не атрымліваецца. Магчыма, гэта адзін з мінусаў працы ў сельскай гаспадарцы. Але нямала і плюсаў. Па словах майго субяседніка, вёска – гэта прастор, жывая прырода, свая сядзіба. Пра тое, што звязаў жыццё з калгасам, ніколі не шкадаваў. 
Вось ужо чвэрць стагоддзя Алег Бандарэвіч шчыруе на зернавых палетках. Сваёй працай і заробкамі задаволены. Яно і не дзіва. СВК імя Дзяншчыкова – адзін з кітоў аграпрамысловага комплекса Гродзеншчыны. Сёлета тут набылі высокатэхналагічны камбайн, на якім і працуе мой суразмоўнік. Хаця і на больш старой тэхніцы дабіваўся высокіх вынікаў. Летась яго асабісты рэкорд быў 3,6 тысяч тон. Амаль штогод ён у ліку прызёраў па намалоту не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне, і ў вобласці. Тры разы быў на рэспубліканскіх «Дажынках», на якіх Прэзідэнт уручаў тэлевізар, халадзільнік. 
На новым камбайне намалот склаў больш за 5 тысяч тон. Гэта не толькі асабісты рэкорд Алега Бандарэвіча, але і рэкордны намалот у рэспубліцы. Гонар за дасягнутыя поспехі, вядома ёсць. Лідэрам жніва ганарацца і сямейнікі, пастаянна тэлефануюць, цікавяцца справамі. І хаця ў жыцці Алег Вітольдавіч – чалавек азартны, але на палетках гэтага не дапускае. Гонкі, на яго думку, тут быць не павінна. Хлеб гэтага не любіць. 
– Планку сваю імкнуся трымаць, але не любой цаной. Мэты такой няма – любой цаной дабіцца высокіх вынікаў. Уборка павінна праходзіць у спакойным, ураўнаважаным стане. Намалоты прыйдуць самі, калі тэхніка добрая, ураджай высокі. Не толькі ад мяне залежаць гэтыя высокія намалоты, а ў першую чаргу, ад агранамічнай службы, якая падрыхтавала глебу, насенне, калі выконваюцца ўсе агратэхнічныя параметры. Гэтыя складнікі працуюць на высокі ўраджай, а ўжо наша задача – забраць яго з палёў. Зноў жа, зрабіць гэта трэба таксама з розумам. Лятаць па полі задраўшы галаву, не ў гэтым выпадку. Хлеб любіць спакойнага падыходу, руплівага і ў той час разважлівага. Трэба глядзець, каб не было страт, кантраляваць вільготнасць. Той, хто будзе рабіць стаўку толькі на хуткасць, высокіх намалотаў не дасягне, а страты на палетках могуць быць высокія. Таму тут павінен быць рытм спакойны і разам з тым напружаны, – расказаў стратэгію свайго поспеху лідэр жніва. 

Дэвіз хлебароба

З гэтага выцякае і жыццёвы дэвіз камбайнера. Ён даволі просты: «Працуй – і будзе вынік!». Добрыя адносіны да справы не застаюцца без увагі. За імі і добрыя заробкі, і павага. А яшчэ Алег Бандарэвіч не любіць называць сябе камбайнерам, а кажа: «Я – хлебароб». Я б сказала яшчэ, што хлебароб з вялікай літары. 
Па словах галоўнага агранома СВК імя Дзяншчыкова Дзмітрыя Шынтара, у гаспадарцы нямала вопытных хлебаробаў, якія працуюць на высокім узроўні. Як удаецца захаваць гэты касцяк? 
– Гэта тое пакаленне, якое адказна ставіцца да працы, рупіцца за гаспадарку. Многае трымаецца менавіта на іх. Ёсць і таленавітая моладзь, праўда, яе не так многа, – акцэнтуе ўвагу спецыяліст.
Што датычыць вытворчых паказчыкаў, у гаспадарцы мяркуюць сабраць больш, чым летась. У гэтым годзе добрыя ўмовы для азімых культур, ураджайнасць якіх перавышае 100 ц/га. Гэта звязана з мяккімі зімамі, плюс сістэма ўгнаенняў, абароны раслін, якія спрыяюць высокаму ўраджаю.
Сёлета парадаваў азімы рапс з рэкорднай ураджайнасцю і валавым зборам. У гаспадарцы ёсць свой цэх перапрацоўкі, дзе атрымліваюць рапсавы алей і жмых для кармлення жывёлагадоўчага статка. Раслінаводства працуе на жывёлагадоўлю, якая дае асноўны прыбытак гаспадарцы.
– СВК імя Дзяншчыкова займае ў рэспубліцы лідэрскія пазіцыі па малаку ўжо шмат гадоў, – уступае ў размову старшыня прафкама гаспадаркі Святлана Ахотнік. – Людзі трымаюцца за гаспадарку, мы ў сваю чаргу стараемся забяспечыць іх належнымі ўмовамі працы, добрым харчаваннем, якасным спецадзеннем. У нас усяго гэтага хапае. Самае галоўнае – бяспека людзей.
Маргарыта Ушкевіч
Па матэрыялах газеты «Перспектива«