Прафсаюзны лідар аграрыяў раёна заехаў у ААТ “Дэмбрава”, дзе ўшанаваў перадавога трактарыста І.І. Кулевіча.
– У мінулым годзе я быў прызнаны лепшым сярод вадзіцеляў раёна на нарыхтоўцы кармоў з траў першага ўкосу, – зазначае Іван Іванавіч. – Не падвёў і сёлета: на энерганасычаным трактары “Беларус-3522” з прычэпам грузапад’ёмнасцю 25 тон перавёз 5120 (!) тон падвяленай масы. У дзень падвозіў да сіласных траншэй да 200 тон зялёнага грузу. Зараз заняты на адвозцы зерня новага ўраджаю.
Г.Ф. Шандроха адзначыў Пісьмом-падзякай і грашовай прэміяй таксама перадавога механізатара ААТ “Васілішкі” Віктара Зянонавіча Зневяроўскага, які пры дапамозе касілкі шырынёй да 6 метраў абкасіў рэкордныя 857 гектараў. Сярод тых, хто падчас першага ўкосу траў карыстаўся касілкай шырынёй звыш 6 метраў, лепшым стаў механізатар гэтай жа гаспадаркі Іван Вітольдавіч Гук: на яго рахунку 1605 абкошаных гектараў. У зграбанні падвяленай масы не было роўных васілішкаўскаму механізатару Станіславу Віктаравічу Кепелю. А вось лепшым на падборы скошаных кармоў па выніках раённых спаборніцтваў прызнаны механізатар ААТ “Шчучынаграпрадукт” Алег Генадзьевіч Карпінскі: яго вынік – 8640 тон зялёнай масы.
Заслужаныя ўзнагароды за добрасумленную працу на касавіцы атрымалі і перадавыя механізатары ААТ “АграГЖС” і “Орля”, чые прозвішчы таксама сярод прызёраў раённых спаборніцтваў.
Да ўсяго шчучынскія аграрыі Станіслаў Георгіевіч Тамкевіч і Дзмітрый Мікалаевіч Мулярчык з ААТ “Дэмбрава” прызнаны пераможцамі абласных спаборніцтваў на нарыхтоўцы кармоў з траў першага ўкосу. Ведай нашых!