1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиКореличская районная организация профсоюза работников АПК подвела итоги за прошедшую пятилетку и поставила задачи на перспективу
06 декабря 2019

Кореличская районная организация профсоюза работников АПК подвела итоги за прошедшую пятилетку и поставила задачи на перспективу

Удзельнікамі канферэнцыі сталі намеснік старшыні Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Леанід Адамоніс, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Анатолій Коршун, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Лідзія Шэўка і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ніна Яфрэмава.
Аб тым, якіх поспехаў дасягнуў райкам прафсаюза работнікаў АПК за апошнія пяць гадоў, што робіцца на шляху стварэння камфортных умоў працы і адпачынку аграрыяў, якія пытанні хвалююць работнікаў сельскай гаспадаркі і як яны вырашаюцца прафсаюзамі, расказала старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская. Забягаючы наперад, скажу, што наступныя пяць гадоў на абароне інтарэсаў працаўнікоў сельскагаспадарчай і іншых галін Карэліччыны таксама будзе стаяць Ірына Леанідаўна.
– Асноўная маса членаў прафсаюза работнікаў АПК – працаўнікі вёскі, якіх налічваецца 2912 чалавек, – адзначыла Ірына Пянькоўская. – Акрамя таго, у наш прафсаюз уваходзяць работнікі перапрацоўчых, будаўнічых прадпрыемстваў, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і вучнёўская моладзь. На працягу апошняй пяцігодкі прыярытэтнымі для нас з’яўляліся наступныя задачы: павышэнне ўзроўню жыцця членаў прафсаюза, забеспячэнне поўнай працоўнай занятасці работнікаў, стварэнне бяспечных умоў працы аграрыяў раёна. Для ажыццяўлення апошняй задачы пры райкаме працуюць 80 грамадскіх інспектараў па ахове працы, якімі было праведзена 3030 маніторынгаў за 5 гадоў. Чалавек працы заўсёды знаходзіўся ў цэнтры ўвагі прафсаюза. Стала ўжо традыцыйным правядзенне рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод”, узнагароджванне перадавікоў сельгасработ непасрэдна на полі. Выдатныя вынікі на раённым і абласным узроўнях паказваюць члены прафсаюза ў спартыўна-масавых мерапрыемствах. Не застаюцца без увагі такія прафсаюзныя акцыі, як “Збяром дзяцей у школу разам”, “Дзякуй за Перамогу!”, “Прафсаюзы – дзецям” і іншыя.
Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Лідзія Шэўка падкрэсліла, што справаздачна-выбарчая канферэнцыя з’яўляецца важнай і адказнай падзеяй у жыцці працоўнага калектыва. Менавіта падчас яе правядзення вызначаюцца тыя лідары, якія змогуць кампетэнтна весці дыялог з кіраўніком прадпрыемства альбо арганізацыі, абараняючы інтарэсы працаўнікоў.
Аб насычаным і багатым на падзеі жыцці калектываў СВК “Свіцязянка-2003”, ААТ “Карэлічы-Лён” і Карэліцкага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя расказалі прысутным актывісты пярвічак Алена Клаўсуць, Наталля Дасько і Іна Лявыкіна.
Падвёў вынікі канферэнцыі намеснік старшыні Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Леанід Адамоніс:
– Я перакананы ў тым, што на Карэліччыне ўжо зроблена шмат для паляпшэння ўмоў працы кожнага работніка. Прыемна, што кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў зацікаўлены ў гэтым. Прамымі доказамі служаць прыклады мадэрнізацый і рэканструкцый малочнатаварных ферм, добраўпарадкавання мехмайстэрняў і навядзення парадку на машынных дварах. Аднак над пытаннямі аховы працы яшчэ неабходна шмат працаваць. Яны павінны заўсёды быць на першым плане. Аграрыі раёна ўмеюць працаваць шчыра і плённа. Але неабходна навучыцца і адпачываць. Сёння ў краіне дзейнічаюць 12 прафсаюзных санаторыяў, магчымасцю пабываць у якіх можа скарыстацца кожны член галіновага прафсаюза.
Завяршылася канферэнцыя прыемным момантам узнагароджвання. Ганаровай граматы Гродзенскага абкама прафсаюза работнікаў АПК удастоены старшыня СВК “Маяк-Заполле” Віктар Маковік, Падзякі абкама – бухгалтар КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”, казначэй прафкама Наталія Кізік. Падзячным пісьмом Карэліцкага райкама Беларускага прафсаюза работнікаў АПК узнагароджаны 15 прафсаюзных актывістаў раёна.