На Ельшчыне на завяршальнай стадыі знаходзіцца ўборка кукурузы на сілас. У сярэднім у раёне ўбрана больш за 80% кукурузы. Некаторыя гаспадаркі вось-вось завершаць кукурузны сезон.
На фінішнай прамой па нарыхтоўцы кармоў, па дадзеных упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, знаходзіцца КСУП “Дабрынь”. Там ужо нарыхтавана 25825 тон кукурузнай масы на сілас. Сярэдняя ўраджайнасць складае 173 цэнтнеры з гектара.
— На нарыхтоўцы кукурузнага сіласу штодзень працуе да дзесяці адзінак тэхнікі: у залежнасці ад спраўнасці 1-3 камбайны, на адвозцы сіласу – ад 3 да 12 адзінак тэхнікі, — расказаў кіраўнік гаспадаркі Сяргей Верамейчык. – У апошні час уборка кукурузы ўскладнілася выпаўшымі ападкамі. У многіх месцах трактары грузнуць, каля іх вымушаны дзяжурыць яшчэ адзін ттрактак, які, як “хуткая дапамога”, будзе выцягваць з гразі. За дзень, пры ўмове, што працуюць усе тры кормаўборачныя камбайны, мы ўбіраем максімум 60 гектараў на такіх вільготных участках. Дарэчы, такія напрыканцы і засталіся ў нас для ўборкі.
Нягледзячы на ўсе складанасці, іменна ў КСУП “Дабрынь” працуюць механізатары, якія сталі лідарамі раённых спаборніцтваў па нарыхтоўцы кармоў. На днях старшыня Ельскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Георгій Цык наведаў гаспадарку і павіншаваў з працоўнымі перамогамі двух механізатараў. Гэта Аляксандр Аўраменка і Валерый Мымрын, якія працуюць на кормаўборачных камбайнах. Кожны з іх нажаў амаль па 13 тыс. тон кукурузнага сіласу.
На перавозцы кукурузнага сіласу ў Ельскім раёне Гомельскай вобласці лідзіруе механізатар з КСУП “Саўгас “Камуніст” Міхаіл Яцка. Ён перавёз больш 5 тыс. тон сіласу.
Прафсаюзны лідар Георгій Цык павіншаваў лідараў корманарыхтовак з дасягнутымі поспехамі, уручыў ім Лісты падзякі і грашовыя прэміі.
Ганна Гаўрылава
Газета «Народны голас»