Восень уступіла ў свае правы. А значыць, у аграрыяў не так шмат часу, каб падрыхтавацца да зімова-стойлавага перыяду. У СУП «Хажоваагра-2009» Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці гэта разумеюць, таму падыходзяць да справы з усёй адказнасцю.
— Сянажнай масы ў гаспадарцы нарыхтавана дастаткова, — расказаў галоўны заатэхнік сельгасарганізацыі Аляксандр Купрыян. — Цяпер высокімі тэмпамі вядзецца закладка кукурузы на сілас, які стане натуральным, карысным і пажыўным дадаткам да асноўнага рацыёну буйной рагатай жывёлы. Усяго на ўмоўную галаву плануецца нарыхтаваць 36-38 кармавых адзінак. І гэтыя мэты цалкам дасягальныя.
Спецыяліст адзначыў, што вырашальнае значэнне ў корманарыхтоўцы мае строгае выкананне тэхналогіі. Каб атрымаць сапраўды якасны корм, трэба правільна ўбраць зялёную масу, закласці ў траншэі, унесці патрэбныя кансерванты, закрыць і правільна захоўваць. Асабліва важныя такія параметры, як тэмпература і вільготнасць.
Аляксандр Пятровіч паказаў журналістам, як дзейнічае корманарыхтоўчы канвеер. Сіласная траншэя закладвалася ў раёне Хажова. Трамбаваў зялёную масу магутны «Беларус». Кіраваў тэхнікай малады спецыяліст Сяргей Мандрык. У гаспадарцы ён толькі год. За гэты час акрамя корманарыхтоўкі механізатар быў задзейнічаны на ворыве, дыскаванні, іншых палявых работах. Вяла ўлік кукурузнай масы і правярала яе якасць Жанна Сапяжынская.
Поле, на якім вялася ўборка, знаходзілася недалёка. Адразу звярнуў увагу на высокую кукурузу. Корманарыхтоўчая тэхніка была толькі крыху вышэйшая за яе. На адвозе зялёнай масы былі задзейнічаны чатыры адзінкі транспартных сродкаў. Убіраў кукурузу корманарыхтоўчы комплекс «Джон Дзір», якім кіраваў вопытны добрасумленны работнік Сяргей Давідовіч.
— Надвор’е стаіць добрае, — заўважыў механізатар. — Таму цяпер самы спрыяльны час для ўборкі кукурузы. За дзень убіраю больш за 20 гектараў. Комплекс не толькі скошвае расліны, але і здрабняе іх да зададзеных параметраў, а таксама дадае кансерванты ў патрэбнай прапорцыі. Упэўнены, што грамадскі статак у гаспадарцы будзе гарантавана забяспечаны якаснымі кармамі.
Алег БЯГАНСКІ
Фота Аляксей ПЛАТКО
«МГ»