У Год якасці прафсаюзы імкнуцца надаць адмысловую ўвагу працаўнікам, чый досвед і паўсядзённая праца служаць прыкладам! Менавіта з гэтай мэтай старшыня Астравецкага раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Юрый Адула наведаў МТК “Кярняны” КСУП “Гудагай”.
У многіх сэнсах гэта гаспадарка паказальная: нязменны флагман раённай малочнай галіны; адзіная, якая займаецца вытворчасцю насення збожжавых, траў і бульбы; першая з сельгаспрадпрыемстваў, дзе зрабілі стаўку на перадавыя тэхналогіі і пакрысе сталі адмаўляцца ад малочных лінейных ферм на карысць сучасных камп’ютарызаваных комплексаў… Словам, перадавая!
Пераможцы спаборніцтва на вясенне-палявых работах і жывёлаводы малочна-таварнага комплексу “Кярняны” атрымалі дыпломы, Падзякі і падарункавыя сертыфікаты ад Асравецкай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. З Юрыем Адулам перадавікоў віншавала прафсаюзны лідар КСУП “Гудагай” Ганна Налівайка.
Раслінаводства
У КСУП “Гудагай” адна з самых вялікіх у раёне плошча сельгасугоддзяў: звыш 12 тысяч га, з якіх пад раллю адведзена 7 783. Азімыя і яравыя збожжавыя займаюць амаль 3 700 га, рапс – 800, зернебабовыя – 250, цукровыя буракі – 350, бульба – 60, кукуруза на зерне і сілас – звыш 1 800.
Чатыры механізатары КСУП “Гудагай” перамаглі ў прафсаюзным спаборніцтве.
Падсеў траў
Найбольшы спрыт у вышэй згаданым відзе работ сёлета прадэманстраваў Станіслаў Грымбоўскі. Гэта адзін з самых вопытных механізатараў гаспадаркі, за плячыма якога 40 гадоў стажу. У свой час мужчына прыгортваў у глебу збожжа. А як з’явіліся сучасныя пасяўныя агрэгаты, стаў падсяваць травы на невялікай СПУшцы.
– Усё жыццё сею – вопыту ў гэтай справе не займаць, – тлумачыць свой поспех механізатар. – І збожжа штогод убіраў, пачынаючы з 1984-га. Праўда, апошнія пяць гадоў на камбайне не працую. Як пачалася касавіца, прэс-падборшчыкам “Фьюжн” прасую сена. Добры агрэгат – нічога не скажу.
Унясенне арганікі
За тры дзесяцігоддзі работы ў аграпрамысловым комплексе Віктар Алёкса паспрабаваў свае сілы ў многіх палявых работах. У апошнія гады вясной механізатар раскідвае арганіку, а летам перавозіць зялёную масу з поля да траншэй. Дарэчы, за гэтай справай мы і заспелі аграрыя непадалёк ад малочна-таварнага комплексу “Германішкі”.
Пагрузка арганікі
У сельскай гаспадарцы без пагрузчыка як без рук. Са сваім жалезным напарнікам “Амкадорам” Уладзімір Шаблавінскі шчыраваў на пляцоўцы ў Дравяніках, дзе плануецца будаўніцтва сучаснага малочна-таварнага комплексу. Зазначу: мужчына не ўпершыню перамагае ў прафсаюзным спаборніцтве. Больш таго, на працягу апошніх сезонаў на жніве хлебароб абавязкова ўваходзіць у тройку першых камбайнераў-тысячнікаў.
Сяўба кукурузы
Мікалай Іваніцкі сёлета паставіў сабе мэту не прапусціць нікога наперад – так і атрымалася. На прыгортванні насення цеплалюбівіцы ў раёне яму не было роўных.
Мэтанакіраванасць дапамагла Мікалаю Іваніцкаму стаць лепшым сейбітам кукурузы
– У нашай гаспадарцы кукурузу сеялі, акрамя мяне, Генадзь Змітровіч і Іван Адамковіч, – расказаў мужчына. – Першае месца заняў, таму што падаўжаў свой працоўны дзень да 8 гадзін вечара. Пасяўны агрэгат “Кеза-3200” ужо паставіў на захоўванне, адрамантаваў прычэп – заўтра рву на траву!
Жывёлагадоўля
У КСУП “Гудагай” самая вялікая колькасць жывёлагадоўчых аб’ектаў. Малочна-таварныя комплексы і фермы (у тым ліку па дарошчванні і адкорме) размешчаны ў Германішках, Смілгах, Кярнянах, Малях, Індрубцы, Дравяніках, Рукшанах, Кялёйцях, Лошы, Гудагаі, Слабодцы.
Найбольшую прыбаўку ў надоях за май атрымалі на малочна-таварным комплексе “Кярняны”, дзе ад адной каровы за суткі надаілі 32 кілаграмы малака, што без малога на 15 кілаграмаў больш, чым у аналагічным перыядзе мінулага года.
Пасля таго як “Кярняны” перайшлі ў арэнду КСУП “Гудагай”, комплекс змяніўся непазнавальна. Побач з фермай з’явіліся даільная зала, два новыя кароўнікі, ёмістасці для захоўвання травяністых кармоў, воданапорная вежа і многае іншае. Значна палепшалі ўмовы і для работнікаў: абсталяваны ўсім неабходным пакой для адпачынку і прыёму ежы, душавыя кабіны, ёсць пральная машына і многае іншае. Больш таго, смачныя абеды працаўнікам на комплекс прывозяць з кафэ “Эдэм”.
– Радуе, што ў вас малады і дружны калектыў. Вашымі агульнымі намаганнямі комплекс “Кярняны” выйшаў на новы ўзровень вытворчасці малака, – віншуючы жывёлаводаў, сказаў Юрый Адула. – На жаль, адзначыць усіх мы не можам, але дзякуй кожнаму з вас за нялёгкую працу.
Усё жыццё ў “Кярнянах” працуе Святлана Радута. З напарніцамі Анастасіяй Багдановіч і Жаннай Эксцяровіч жанчына даглядае за цялятамі ў прафілакторыі і цэху дарошчвання – гэта каля 300 галоў.
– Самых маленькіх поім малачком. Пакуль гэта робім уручную. Калі скончыцца рамонт, будзем карыстацца малочным таксі, – расказвае пра свае абавязкі жанчына. – Цяпер адно задавальненне працаваць: ёсць усё неабходнае абсталяванне, кармы, ды і ўмовы значна палепшалі – як для людзей, так і для жывёлы. Раней з мужам на ферму з Чыжоўшчызны прыязджалі на кані, цяпер нас возіць калгасная машына.
Многія прывыклі, што даіць кароў – выключна жаночая справа. Аднак прыклад Дзмітрыя Койры абвяргае гэты стэрэатып.
– На комлексе “Рымдзюны” папрасілі падмяніць аператара машыннага даення, якая ішла ў адпачынак. Так стаў даяром, – з усмешкай узгадвае малады чалавек. – Купілі дом у Варнянах, таму з КСУП “Гервяты” перайшоў у “Гудагай”. У “Кярнянах” працую каля паўгода.
Пацікавілася ў Дзмітрыя, ці кожны можа навучыцца даіць кароў.
– Несумненна! Было б толькі жаданне, – упэўнены жывёлавод.
Спасцігаць даярскую справу Вольга Урбановіч пачала на малочна-таварным комплексе “Газа”, да гэтага жанчына працавала ў варнянскай калгаснай сталоўцы, пакуль яе не закрылі.
– У Кярнянах з 2019 года. На асноўнай дойцы працуе чатыры аператары: акрамя мяне і Дзмітрыя Койры, гэта Ірына Аляхновіч і Алена Жукоўская, – расказвае жанчына. – Далі службовую двухпакаёвую кватэру ў Астраўцы, зарплата добрая, на работу падвозяць, са спецадзеннем і абуткам праблем ніякіх, абеды дастаўляюць на комплекс – толькі працуй.
Слесар-аператар па тэхнічным абсталяванні Генадзь Кузмітовіч на МТК “Кярняны” толькі два гады, але за гэты невялікі тэрмін ён зарэкамендаваў сябе з лепшага боку.
– Да гэтага працаваў на будаўніцтве атамнай станцыі, але наша фірма завяршыла работы. Папрасіўся ў КСУП “Гудагай”. Калі прапанавалі месца слесара на комплексе, без роздумаў згадзіўся – і не шкадую, – прызнаўся Генадзь.
За дойным статкам – а гэта 525 кароў – даглядае Уладзімір Відэйка. Падсунуць некалькі разоў на дзень кармы, пачысціць лёжкі, кармушкі –далёка не ўвесь пералік абавязкаў жывёлавода.
– З напарнікам Арцёмам Юркойцем спраўляемся без праблем, – расказвае даглядчык. – Да гэтага працаваў на старой ферме ў Кялёйцях. Як адкрылі комплекс, адтуль многіх работнікаў перавялі сюды. З “кярнянскімі” хутка знайшлі агульную мову і пасябравалі. Па вялікім рахунку, робім жа адну справу.
Слова начальніку МТК “Кярняны” Анастасіі Баер:
– Лічу, што мае людзі самыя лепшыя. Хоць напачатку былі пэўныя хваляванні наконт аб’яднання двух калектываў, але дарэмна перажывала. Што тычыцца ўзнагароджаных, то гэта адказныя і сумленныя працаўнікі. Хоць Дзіма ў нас нядаўна, але не магу на яго нарадавацца: доіць так, быццам усё жыццё гэта рабіў. У Генадзя залатыя рукі. Вадзіма ведаю па “Кялёйцях” – надзейны, працавіты. Святлана Іванаўна спадабалася з першага дня – спакойная, ураўнаважаная. На работу Вольгі ніколі нараканняў не ўзнікала. Словам, гэта лепшыя з лепшых працаўнікоў.
Па матэрыялах газеты «Астравецкая праўда»