З добрым настроем, на пазітыве, маладыя аграрыі Любаншчыны прынялі ўдзел у трэнінгу, праведзеным па ініцыятыве раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
А затым сабраліся за «круглым сталом» з прадстаўнікамі мясцовай улады і абмеркавалі надзённыя пытанні наконт умоў працы, заработнай платы, забяспечанасці жыллём, выканання абавязацельстваў наймальнікаў па кантракце перад маладымі спецыялістамі і г.д. Юнакі і дзяўчаты падзяліліся, як сустрэлі іх у калектывах, якія планы маюць на перспектыву.
У сваю чаргу, кіраўнік раёна Віталій Платун акцэнтаваў увагу на тым, што ўсе самыя вопытныя і спрактыкаваныя спецыялісты калісьці былі маладымі, а ўпэўненасць у сваіх сілах ім дапамагалі адчуваць настаўнікі – старэйшыя калегі. І важна, каб зараз яны падтрымалі тых, хто толькі пачынае прафесійны шлях. Маладым аграрыям неабходна праяўляць адказнасць, мэтанакіраванасць, ініцыятыўнасць і актыўнасць, працаваць з жаданнем і ні ў якім разе не апускаць рукі, тады яны здолеюць дасягнуць многага.
«Галоўнае – развівайцеся, вучыцеся, пераймайце вопыт. А калі будуць узнікаць нейкія праблемныя моманты, мы заўсёды гатовыя дапамагчы», – адзначыў старшыня райвыканкама.
Лідар райкама галіновага прафсаюза Таццяна Рубін пажадала маладым спецыялістам поспехаў і на памяць аб сустрэчы ўручыла сувеніры.
Кацярына Галіцкая:
– Я нарадзілася на Клеччыне. Але так сталася, што пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта трапіла ў Любанскі раён. І ні на хвіліну пра гэта не шкадую. Тут я працую ветурачом на свінакомплексе «Забалаць». Справу выбірала, так бы мовіць, па поклічы сэрца, таму яна мне даспадобы. І ўмовы працы добрыя, зарплата годная. Вось і стараюся выконваць свае абавязкі добрасумленна.