1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиМаладзечанскі раён Мінскай вобласці: ветэраны працы і маладыя спецыялісты
27 июня 2023

Маладзечанскі раён Мінскай вобласці: ветэраны працы і маладыя спецыялісты

Механізатар ААТ «Селеўцы» Валерый Бондар, з якім мы сустрэліся на мехдвары, працуе ў гаспадарцы чатыры дзясяткі гадоў.

— Удзельнічаю ў корманарыхтоўцы, варушу зялёную масу механічным граблямі, — расказаў Валерый Яўгеньевіч. — Толькі прыехаў з аднаго поля і ўжо спяшаюся на іншае. Цяпер трэба хутка адрэгуляваць тэхніку. За змену апрацоўваю 50-60 гектараў палёў. Пасля заканчэння зялёнага жніва настане чарга іншых работ. За чатыры дзясяткі гадоў у гаспадарцы асвоіў усе віды тэхнікі, стаў, лічы, універсальным спецыялістам.

Валерый Бондар нарадзіўся і вырас у Селеўцах. У час тэрміновай ваеннай службы марыў вярнуцца ў гаспадарку, сесці за руль трактара. Сельскае жыццё яму падабаецца. Менавіта такія людзі складаюць залаты фонд калектыву.

Аднак без перадачы вопыту ветэранаў вытворчасці немагчыма поўнасцю раскрыць свой патэнцыял, стаць сапраўдным прафесіяналам. Механізатар Валерый Бондар адзін з тых, хто дзеліцца з моладдзю сакрэтамі майстэрства.

Важны аспект для любой арганізацыі — падрыхтоўка рабочай змены, замацаванне на вытворчасці маладых кадраў. У «Селеўцах» гэта разумеюць, таму ствараюць для моладзі належныя ўмовы.

Старшыня Маладзечанскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Анатолій Фурс зазначыў, што ў гаспадарцы працуе каля дзясятка маладых спецыялістаў. Акрамя таго, два маладыя чалавекі сёлета праходзяць вытворчую практыку. Па мэтавым накіраванні праходзяць навучанне два будучыя праграмісты. Месца работы для іх – новая малочнатаварная ферма ля Селеўцаў, дзе цяпер вядзецца рэканструкцыя. Ферма будзе камп’ютарызаваная, таму і спатрэбіліся спецыялісты ў галіне лічбавых тэхналогій.

Гаспадарка забяспечвае маладых спецыялістаў бясплатным жыллём, яны аплачваюць толькі камунальныя паслугі. На працягу двух гадоў маладыя спецыялісты атрымліваюць даплату да заробка. Калі спецыялісты застаюцца ў гаспадарцы пасля адпрацоўкі, яна выплачваецца яшчэ пяць гадоў.

Алег БЯГАНСКІ

Фота Аляксей ПЛАТКО