Наша дзяржава надае вялікую ўвагу маладым сем’ям, якія жывуць і працуюць у сельскай мясцовасці. Гэтаму пацвярджэнне і праект «Уладар сяла», які накіраваны на папулярызацыю сельскагаспадарчай дзейнасці, замацаванне маладых сем’яў у сельскай мясцовасці, умацаванне сямейных традыцый і адраджэнне працоўных дынастый. Ён таксама спрыяе актывізацыі работы па ўпарадкаванню індывідуальных сельскіх падвор’яў, фарміраванню ў моладзі пачуцця патрыятызму, а таксама павагі і любові да сельскагаспадарчых прафесій.
Вось і сёлета пасля збору ўраджаю збожжавых у Пархімаўцах сабраліся маладыя сем’і, якія не па чутках ведаюць, як здабываецца хлеб, працуюць у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна, вядуць уласную гаспадарку, знаходзяць час для творчасці і сваімі рукамі робяць прыгожымі і ўтульнымі свае дамы і прысядзібныя участкі, падаючы годны прыклад сваім дзецям і аднавяскоўцам.
За ганаровае званне называцца лепшай сельскай сям’ёй Бераставіччыны ў гэтым годзе вырашылі пазмагацца тры сям’і: Пракапчук з аграгарадка Вялікія Эйсманты, Пяцельчыц з аграгарадка Канюхі і Сабалеўскіх з аграгарадка Пархімаўцы.
Падтрымаць канкурсантаў прыехалі іх блізкія і знаёмыя, а таксама шматлікія жыхары Пархімаўцаў, якія сабраліся ў парку аграгарадка.
Яшчэ да пачатку конкурснай праграмы сем’і-ўдзельнікі разгарнулі выставы сваіх дасягненняў, творчых работ і любімых сямейных страў, якімі яны потым з задаваленнем частавалі журы і гледачоў.
А ўжо непасрэдна прадставілі сябе ў конкурсе «Давайце пазнаёмімся», дзе яны ў творчай форме расказвалі пра сябе, свае захапленні, дэманстравалі свае здольнасці і ўменне выступаць дружнай камандай.
Першымі на сцэну выйшлі Васілій і Алена Пракапчукі з аграгарадка Вялікія Эйсманты. Муж і жонка працуюць у КСУП «Варанецкі», Васілій — упраўляючы аддзяленнем МТК «Мацеевічы», а Алена працуе ветэрынарным урачом СТК «Рэмуцеўцы», у сям’і падрастае чатырохгадовы сын Глеб.
А вось у наступных канкурсантаў — Валяр’яна і Вікторыі Пяцельчыц з Канюхоў — сям’я значна большая, у ёй выхоўваецца чацвёра дзетак: сыны Мікіта і Уладзіслаў, дочкі Сняжана і Анастасія. Тата працуе загадчыкам участка КСУП «Макараўцы», а мама пакуль што знаходзіцца ў водпуску па доглядзе малодшай дачкі Анастасіі, якой споўнілася толькі шэсць месяцаў.
Сям’я Сабалеўскіх у аграгарадок Пархімаўцы прыехала нядаўна. Тата Ігар стаў працаваць галоўным ветэрынарным урачом у КСУП «Пархімаўцы», а мама Ганна — тэхнікам па ідэнтыфікацыі і ўліку жывёлы. На сцэне яны выступалі разам з трохгадовым сынам Робертам, які актыўна спрабаваў падпяваць маме і тату.
Пасля прадстаўлення візітных карткаў сем’і адправіліся ўдзельнічаць у конкурсе «Дрывасек», дзе муж і жонка распілоўвалі бервяно, потым муж рубаў дровы, а жонка складала акуратныя паляніцы, і зрабіць гэта трэба было максімальна хутка.
У наступным конкурсе — «Сіўка-бурка» — маладыя сем’і прадэманстравалі, як яны ўмеюць абыходзіцца з хатняй жывёлай, паказалі ўменне запрагаць і распрагаць каня. І хоць штодня ім не прыходзіцца гэтага рабіць, але тым не менш і з гэтым заданнем усе справіліся на «выдатна».
У сельскай спартыўнай эстафеце ўдзельнікі паказалі свой спрыт, хуткасць і нязломнае імкненне да перамогі.
Завяршаючым этапам выпрабаванняў стаў конкурс «Майстар», у якім таты мелі магчымасць паказаць, што яны майстры на ўсе рукі, і вырубаць з дапамогай сякеры дошку-стальніцу.
Гледачы актыўна падтрымлівалі і падбадзёрвалі канкурсантаў, асабліва хваляваліся за сваіх бацькоў самыя маленькія ўдзельнікі праекта.
Пры падвядзенні вынікаў журы ацэньвала і відэаролік, які сем’і спецыяльна падрыхтавалі, каб паказаць усю прыгажосць свайго сельскага падворка.
Вядома, кожная сям’я імкнулася да перамогі, розніца паміж баламі канкурсантаў часта была мінімальнай. Але тым не менш, удача на гэты раз, як кажуць, усміхнулася сям’і Пяцельчыц, менавіта яна і стала пераможцай раённага этапу рэспубліканскага сямейнага праекта «Уладар сяла — 2019». Каштоўны падарунак – мікрахвалёўку — ёй уручыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Апон.
Другое месца заняла сям’я Пракапчук, трэцяе месца дасталося сям’і Сабалеўскіх. Граматы і падарункі яны атрымалі ад раённага камітэта БРСМ.
31 жніўня ў Слоніме сям’я Пяцельчыц будзе ўдзельнічаць у абласным этапе рэспубліканскага сямейнага праекта «Уладар сяла — 2019».
Пасля завяршэння конкурсу жыхароў Пархімаўцаў чакала яшчэ гульнёва-забаўляльная праграма і канцэрт мясцовых выканаўцаў.