1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиНа кантролі прафсаюзаў. Смачна есці… у полі
12 мая 2024

На кантролі прафсаюзаў. Смачна есці… у полі

Немалаважным складальнікам добрага выніку ў сельскай гаспадарцы з’яўляюцца не толькі добрае надвор’е і спраўная тэхніка, але і тое, што ў механізатара на талерцы. Разам з прафсаюзным лідарам аграпрамысловага комплексу журналісты раённай газеты выясвятлялі, наколькі збалансаванае харчаванне ў работнікаў нівы.

Старшыня Ельскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Багінская наведала ўсе гаспадаркі Ельшчыны, дзе азнаёмілася з працай ведамасных сталовых і арганізацыяй гарачага харчавання для механізатараў і іншых катэгорый работнікаў. Па словах прафсаюзнага лідара, харчаванне работнікаў сельскай гаспадаркі сёлета арганізавана ў чатырох сталовых: КСУП “Скарадянскі”, “Ельск”, “Саўгас “Камуніст” і “Дабрынь”.

— Кіраўніцтвам гаспадарак праведзена добрая работа па падрыхтоўцы сталовых да сезону, — адзначыла Вольга Багінская. —  Праведзены рамонт памяшканняў, афарбоўка, пабелка ўсяго неабходнага, набыты новы кухонны і сталовы посуд, мыючыя і дэзінфіцыруючыя сродкі.

Кошт двухразовага харчавання для механізатараў складае ад 4 да 8 рублёў. Але, згодна з калектыўнымі дагаворамі, якія дзейнічаюць у сельгаспрадпрыемствах раёна, работнікі аплочваюць толькі 20 працэнтаў ад кошту ва ўсіх гаспадарках, акрамя КСУП “Ельск” (тут для ўсіх працуючых прадугледжана бясплатнае харчаванне).

Разам з прафсаюзным лідарам Вольгай Багінскай мы пабывалі на тэрыторыі КСУП “Дабрынь” і на ўласныя вочы пабачылі, як тут арганізавана харчаванне механізатараў.

Гатуе ежу ў сталовай сельгаспрадпрыемства повар са шматгадовым стажам Тамара Зуевіч.

– Сёння, напрыклад, у нас у меню суп рысавы, галубцы, кісель і бяляш, – пералічвае пазіцыі меню Тамара Фёдараўна. – Стараемся радаваць нашых работнікаў разнастайнымі стравамі: супы кожны дзень тыдня не паўтараюцца, у абед абавязкова ўваходзяць мясныя стравы (галубцы, катлеты, шніцалі, гуляш). Усё робім для таго, каб механізатары і работнікі ферм добра падмацаваліся і мелі сілы вынікова працаваць.

Трэба адзначыць, што Тамара Зуевіч штодня гатуе абеды ў сярэднім для 40 чалавек. Большасць абедаў раскладваецца ў спецыяльныя кантэйнеры і накіроўваецца спецыяльнай машынай на працоўныя месцы. Некаторыя ж работнікі сельгаспрадпрыемства прыходзяць харчавацца непасрэдна ў сталовую.

Так званай палявой сталовай у КСУП “Дабрынь” кіруе аграном-аграхімік Іван Дошчыч. Ён складвае ўсе кантэйнеры ў аўтамабіль, запаўняе ёмістасці пітной вадой, правярае наяўнасць мыючых сродкаў, рушнікоў і адпраўляецца ў дарогу. Штодзень наматвае не адзін дзясятак кіламетраў, пераязджаючы ад аднаго аб’екта да другога.

—  Марудзіць нельга ў гэтай справе, — расказвае Іван Дошчыч. – Усе механізатары працуюць з самага ранку, кожнаму трэба хутка даставіць абед на рабочае месца.

Заглядваем у аўтамабіль да Івана: тут, сапраўды, усё цывільна: ёсць сродкі для мыцця, выцірання і апрацоўкі рук, невялікі пераносны столік, за якім змяшчаюцца чатыры чалавекі. Першае, другое, кампот і булачка да яго – усё свежае, яшчэ гарачае са спецыяльных кантэйнераў, абавязкова з усмешкай і пажаданнем смачна есці.

– Зручна, што не трэба надоўга адрывацца ад работы, – кажа трактарыст Аляксандр Цярэшчанка, які араў глебу недалёка ад вёскі Роза Люксембург. – Гатуюць у сталовай нашы гаспадыні вельмі смачна, добра, што прывозяць заўжды гарачае, асабліва ў такое пераменлівае надвор’е. Мне падабаецца ўвесь рацыён, сваю порцыю заўжды з’ядаю цалкам і дзякую паварам.

– У час маніторынгаў найперш звяртаем увагу на абсталяванне – аўтатранспарт, сродкі гігіены, ёмістасці, у якіх дастаўляецца ежа, посуд, — пракаменціравала арганізацыю харчавання работнікаў сельгаспрадпрыемстваў Вольга Багінская. — Пастаянна кантралюем якасць і збалансаванасць страваў, аб’ём порцый, знаёмімся з водгукамі саміх механізатараў аб рабоце сталовай, з улікам усіх гэтых фактараў робім высновы і ўносім прапановы кіраўніцтву гаспадаркі.

Вядома, для чалавека вельмі важна, каб пра яго клапаціліся. Тады хочацца зрабіць прыемнае ў адказ, выканаць даручаную работу як мага лепш. А гэта, у сваю чаргу, заклад поспеху ў любой справе.

Ганна Гаўрылава, фота аўтара

Газета «Народны голас»