1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиНа першае працоўнае месца ў сельгаспрадпрыемствы Карэліцкага раёна прыйшлі 18 маладых спецыялістаў
19 сентября 2024

На першае працоўнае месца ў сельгаспрадпрыемствы Карэліцкага раёна прыйшлі 18 маладых спецыялістаў

На першае рабочае месца ў сельгаспрадпрыемствы Карэліччыны Гродзенскай вобласці сёлета прыйшлі 18 маладых спецыялістаў. 8 з іх маюць вышэйшую адукацыю, 8 скончылі сярэдне-спецыяльныя ўстановы, двое прыйшлі працаваць, атрымаўшы прафесійна-тэхнічную адукацыю. Пытанні іх адаптацыі ў працоўных калектывах — на кантролі не толькі пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства, але і КАрэліцкага раённага прафсаюзнага камітэта работнікаў АПК.

Старшыня райкама Ірына Пянькоўская разам з намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, начальнікам аддзела прагназавання, фінансавання і справаздачнасці ў АПК упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Аляксандрай Крупец паглядзелі, у якіх умовах жыве моладзь.

Падчас маніторынгу вывучаліся ўмовы пражывання маладых кадраў, замацаванне за імі настаўнікаў, іх заработная плата, а таксама правілы ўнутранага працоўнага распарадку.

Бухгалтар КУСП “Чарняхоўскі-Агра” Вікторыя Кіпцэвіч прыехала на працу з дзвюма аднагрупніцамі пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. Расказвае, што гэтае сельгаспрадпрыемства ёй параіла куратар. Дзяўчына, якая нарадзілася і вырасла ў Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці, дзеліцца ўражаннямі:

— Нас вельмі цёпла сустрэў калектыў. Тут працуюць светлыя, гасцінныя людзі, з якімі вельмі лёгка. Усе стараюцца дапамагчы, падказаць, параіць. Мы жывём ва ўтульнай трохпакаёвай кватэры з добрым рамонтам.

Бухгалтар КСУП “Лукі-Агра” Аляксандр Эйсмант закончыў Беларускую дзяржаўную сельгасакадэмію. У двухпакаёвай кватэры, прадастаўленай яму прадпрыемствам, юнак жыве адзін. Умовамі працы і пражывання задаволены:

— Кватэра нядрэнная. Ёсць усё, што неабходна для камфорнага пражывання. Канешне, мне многаму яшчэ трэба навучыцца, але веру, што ў гаспадарцы наб’ю руку і стану прафесіяналам сваёй справы.

Інжынер-электрык Аляксандр Варвашэня прыехаў у КСУП “Малюшычы”, скончыўшы Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Кватэру дзеліць з другім маладым спецыялістам. Гаспадарка зрабіла ў кватэры рамонт, набыла новую газавую пліту. Ірына Пянькоўская цікавіцца ў юнака, ці няма складанасцяў на рабочым месцы.

— Абсалютна ніякіх. За мной замацаваны настаўнік, які дапамагае ўнікнуць у прафесію, зразумець усе тонкасці. Астатнія калегі таксама дапамагаюць і словам, і справай. На працу дабіраюся на транспарце прадпрыемства.

Важна адзначыць, што ў сельгаспрадпрыемствах Карэліччыны для маладых спецыялістаў прадугледжаны пэўны пакет гарантый, які ўключае ў сябе выплаты да асноўнай зарплаты і аднаразовыя пад’ёмныя. Пры стварэнні сям’і маладзёны атрымліваюць грашовую дапамогу. Сродкі ўкладваюцца ў аздараўленне работнікаў прадпрыемстваў і іх дзяцей: гаспадаркі дапамагаюць набыць пуцёўкі ў санаторыі і дзіцячыя аздараўленчыя лагеры.

— Абарона сацыяльна-эканамічных, працоўных правоў і інтарэсаў працоўнай моладзі з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці прафсаюзаў. Забеспячэнне маладых спецыялістаў камфортнымі ўмовамі для працы і пражывання — важны аспект замацавання моладзі на першым працоўным месцы, — расказала Ірына Пянькоўская. — На сустрэчах з маладымі кадрамі мы заўсёды расказваем аб правах і прадугледжаных гарантыях, пільную ўвагу ўдзяляем узроўню заработнай платы, забеспячэнню жыллём, пытанням аховы працы.

Важна, каб юнакі і дзяўчаты, якія прыйшлі пасля вучобы на сваё першае працоўнае месца, адчулі сябе запатрабаванымі, змаглі смела прымяніць атрыманыя тэарэтычныя веды на практыцы і ў поўным аб’ёме набыць увесь сацыяльны пакет. У калектыўных дагаворах прадпрыемстваў раёна маецца раздзел “Сацыяльная падтрымка моладзі”, які прадугледжвае аказанне дапамогі новым работнікам. Магу з упэўненасцю сказаць, што з маладымі спецыялістамі на прадпрыемствах і ў арганізацыях узаемадзейнічаюць даволі актыўна. За імі замацоўваюцца старэйшыя калегі. І гэта мае станоўчы эфект. З моладдзю неабходна працаваць, але трэба, каб і яна сама адклікалася на тое, што ёй прапануюць.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара

По материалам гезеты «Полымя«