1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиНачальнік новага МТК «Дравянікі» Святлана Паршутовіч: пра сябе, комплекс і простае шчасце людское
19 ноября 2025

Начальнік новага МТК «Дравянікі» Святлана Паршутовіч: пра сябе, комплекс і простае шчасце людское

Напярэдадні свайго прафесійнага свята начальнік МТК «Дравянікі» КСУП «Гудагай» Святлана Паршутовіч (стаж – без малога 35 гадоў) адказала на 5 пытанняў аб галоўным.

Кім хацелі быць у дзяцінстве і кім сталі?

— Я са шматдзетнай сям’і, дзе гадавалася чацвёра дзяцей, я самая старэйшая. Бацькі, як і большасць вяскоўцаў, былі простыя калгаснікі. У дзяцінстве не задумвалася, кім хачу стаць. Неяк прыехалі да нас у Гудагайскую школу педагогі з Ільянскага сельскагаспадарчага тэхнікума агіта­ваць, каб паступалі ў «кузню» калгасных кадраў. І так хораша і пераканаўча яны расказвалі, што вырашыла пасля 8 класа стаць заатэхнікам.
Вытворчую практыку на апошнім курсе праходзіла ў родным калгасе. Памятаю, тагачасны старшыня Мечыслаў Аляксандравіч Валуевіч зазначыў: «Хоць цяпер цябе загадчыцай фермы стаў!». Наперад бачыў! У 1991 годзе ўзначаліла малочна-таварную ферму «Індрубка», дзе працавала да нядаўняга часу, пакуль не адкрылі малочна-таварны комплекс у Дравяніках.

Раскажыце пра адзін дзень са свайго працоўнага жыцця: ці падпарадкоўваецца ён сезоннасці?

— У адрозненні ад раслінаводства, у жывё­лагадоўлі фронт работы з большага аднолькавы на працягу года. Кароў пастаянна трэба даіць, карміць, перасцілаць у стойле. Пра цялят таксама трэба штодзень клапаціцца.
Некалькі тыдняў, пакуль на новым комплексе кароў прывучалі да дойкі, усё даводзілі да толку, спалі літаральна па 3 гадзіны ў суткі. Справіліся! Дойны статак сфарміравалі з рагуль Дравянік, Індрубкі і Рукшан. Жывёла з розных ферм прывыкала да новага ўкладу па-рознаму. Мне здаецца, што нашы найхутчэй адаптаваліся. (Усміхаецца.)

Прадоўжыце сказ: самае галоўнае ў маёй прафесіі і рабоце – гэта…

— Самае галоўнае ў маёй рабоце – арга­ні­за­ваць працу людзей, а калектыў на МТК «Дравянікі» – 30 чалавек. На такім вялікім, у параўнанні са звычайнай фермай, аб’екце ўся тэхналогія і працэсы павінны быць адладжаны і дзейнічаць, як гадзіннік. Не толькі ад кармоў, догляду, але і ад гэтага шмат у чым залежаць надоі.
Ведаце, пасля аб’яднання нашых МТФ да апошняга не ведала, кім мяне прызначаць. І дырэктар Эдуард Садоўскі, і галоўныя ветурач Галіна Бабіч і заатэхнік Віктар Алёкса трымалі інтрыгу. Калі даведалася, што я буду начальнікам комплекса, то адразу разгубілася, маўляў, «Іванавіч, ці спраўлюся?». «Справішся» – запэўніў кіраўнік і яго ўпэўненасць перадалася мне.
Наш комплекс адкрылі ўрачыста і святочна з удзелам кіраўніцтва вобласці і раёна. Будзем старацца выканаць наказ гасцей – павялічваць надоі.

Які год лічыце асабліва ўдалым у асабістым і прафесійным плане?

— Не паверыце, але такое адчуванне, што жыццё праходзіць, як адзін дзень – асабліва ў апошні час. Неяк увечары з мужам (ён, дарэчы таксама на нашым комплексе працуе) абмяркоўвалі, што не паспелі агледзецца, як дзеці выраслі і пакінулі бацькоўскі дом…
Ферму «Індрубка» я любіла ўсёй душой – можна сказаць, там прайшло маё жыццё. Думаю, што і да «Дравянік» з цягам часу прыкіплю…
За гэты час здарылася шмат радасных па­дзей. Напэўна, самы значны факт, што больш за 25 гадоў назад менавіта работніца нашай малочна-таварнай фермы Наталля Шатроўская (тады яшчэ Жаброўская) першая ў раёне надаіла 4 тысячы кілаграмаў малака ад каровы. Цяпер гэтыя лічбы выклікаюць скептычную ўсмешку, а тады гэта быў сапраўдны рэкорд для Астравеччыны. З былой фермы на новы комплекс жанчына перайшла аператарам машыннага даення.
Будзем спадзявацца, што яе, але на гэты раз з напарніцамі, новыя малочныя рэкорды не прымусяць чакаць.
У адзін год амаль ўсёй фермай паехалі ў Астравец на раённае святкаванне Дня работнікаў сельскай гаспадаркі, на якім падводзяць вынікі года, вызначаюць пераможцаў у розных катэгорыях і ў прафесіі. Дык нашы работнікі забралі амаль усе ўзнагароды ў жывёлагадоўлі!

Ці згодны вы з беларускім паэтам Максімам Танкам, што«простае шчасце людское складаецца з солі, з хлеба, сабранага ў полі, з поту, дарожнага пылу, з роднага небасхілу…»Што вас робіць шчаслів?

— Лепш за класіка беларускай літаратуры і не скажаш. Не было б роднай старонкі, дарог, хлеба – не было б Беларусі і нас.
Па сваёй сутнасці я да донца душы вясковая. На заранку маладосці, калі толькі з мужам ажаніліся, ён прапаноўваў жыць у Ашмянах, дзе меў пакой у інтэрнаце ад будаўнічай арганізацыі, дзе працаваў. Не пагадзілася – і не шкадую. Верыцца, што і ў жыцці, і на рабоце я на сваім месцы.
Самае галоўнае – здароўе. Астатняе рана ці позна абавязкова дадасца!

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич