1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиНайбольш сярод “гудагайскіх” даярак на лінейных фермах за 9 месяцаў надаіла Данута Кель з МТФ “Дравянікі”
25 ноября 2024

Найбольш сярод “гудагайскіх” даярак на лінейных фермах за 9 месяцаў надаіла Данута Кель з МТФ “Дравянікі”

Хуткая, спрытная, адкрытая свету і людзям – такое першае ўражанне пры знаёмстве склалася ад аператара машыннага даення МТФ «Дравянікі» КСУП «Гудагай» Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці Дануты Кель. «А яшчэ агністая» – дадала мая гераіня. Дазволю і сабе рэмарку: і перадавая. Жанчына паказала адзін з найлепшых вынікаў сярод «гудагайскіх» даярак малочна-таварных ферм: надаіла ад каровы 5 891 кг малака (+1 096).

– Прызнацца, і сама здзівілася, што так выйшла. Але ў гэтым хутчэй не мая заслуга, а маіх рагуль. Даіліся спраўна, а цяпер, як у запуску шмат галоў, то і малака паменшала, – тлумачыць Данута Мар’янаўна. – У маёй групе 58 кароў, і кожная са сваім характарам. Ёсць такія, што і ўбрыкнуць могуць. Мая ўлюбёнка – Пелагея. Зусім ручная! Як прыходжу на дойку, ліжыцца, туліцца і не адыходзіць. Выпушчу ў загонку, а яна след у след за мной. Такая ж па характары і цялушка Арына – ласкавая, пяшчотная. Кожную са сваіх рагуль ведаю па мянушцы: Васілёк (яна ў маёй групе была ажно 16 гадоў), Нюша, Бялянка, Гном, Маланка.

Каровы, як і ўсё жывое, ласку любяць. Бывае, прыкрыкнеш на якую, а яна малака ўсяго не аддасць.

На невялічкіх фермах, у тым ліку «Дравяніках», у адрозненне ад комплексаў, даяркі даглядаюць нованароджаных цялят. 

– Цяпер у мяне пяцёра малышоў, а здаралася, што было і па 13-15 галоў, – працягвае жанчына. – Стараюся раней прыйсці на ферму, каб перасцяліць у клетцы, напаіць іх малачком, памыць вядзерцы, наліць свежай вады, насыпаць камбікорм. 

Апушчаныя вушкі, нежаданне піць ваду, зніжана актыўнасць – першыя званочкі, што з цяляткам штосьці не тое. 

– Калі малое тэмпературыць, даём таблеткі. Як даведваемся? Варта прыкласці далонь да пыскі – яна гарачая. У экстраных выпадках выклікаем доктара, – патлумачыла даярка. – Не ведаю, што буду рабіць без сваіх гадаванцаў, як у Дравяніках пабудуюць комп­лекс. Магчыма, вярнуся да таго, з чаго і пачынала, а прыйшла сюды цялятніцай у 2005 годзе. Тагачасная загадчыца Тарэса Янкоўская падказала, што работнікам даюць калгасныя дамы.

Потым старшыня перакінуў на дойку. Не верыцца, што амаль 20 гадоў тут. 

Жанчына ўспамінае, што ніхто з яе братоў і сясцёр – а іх пяцёра ў бацькоў – не пайшоў пасля школы вучыцца далей: трэба было выжываць і зарабляць уласную капейчыну. 

– Я з хутара Рабіноўка. Татка ў калгасе спачатку працаваў на гусенічным  трактары, потым перайшоў у кузню. Мама была паляводам. А якія там заробкі – рублёў 40 за месяц. А нас сем душ у хаце. Гэта цяпер дзеці разбэшчаныя, а мы ў свой час у цы­раванай вопратцы на заняткі хадзілі. Вучылася ў Градаўшчызненскай васьмігодцы, а заканчвала Астравецкую школу. Пасля яе адразу ўладкавалася ў падсобны цэх, які між сабой называлі «Маяком», – там была ўся моладзь з Маль, Філіпан, Астраўца. У Дравянікі да брата мужчына прыязджаў, так і пазнаёміліся з Вацлавам – разам 18 гадоў. У мяне двое дзяцей і столькі ж унукаў. Вось і усё, – з умешкай і агністымі іскрынкамі ў вачах завяршыла аповед пра сябе адна з лепшых «гудагайскіх» даярак.

На нашых вачах адбываецца сапраўдны цуд: на свет з’яўляецца цялятка. Здараецца, такое маленькае і кволае, што на руках яго не адчуваеш, бязважкае, бы пярынка. Цешышся, калі яно набіраецца сіл і падрастае.

Алена Гануліч, фота аўтара

«Астравецкая праўда»