У таварыстве “Забалацкі” Любанскага раёна Мінскай вобласці прайшло маштабнае мерапрыемства: справаздачна-выбарны сход пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, на якім падвялі вынікі дзейнасці ў 2023-м.
— Мінулы год быў для нашага ААТ нядрэнным, як па валавым зборы збажыны, кукурузы, так і па нарыхтоўцы кармавой базы, і па прывагах. Па выніках працоўнага спаборніцтва ў галіне жывёлагадоўлі дасягнуты лепшы паказчык па вытворчасці БРЖ. У бягучым годзе мы ставім перад сабой новыя задачы, будзем заўзята працаваць над тым, каб не толькі нарасціць вытворчасць прадукцыі, але і забяспечыць больш высокую яе якасць, а значыць, і канкурэнтаздольнасць. Адпаведна, чым лепш будзем шчыраваць, тым болей атрымаем магчымасцей для заахвочвання рупліўцаў, – распавёў дырэктар сельгаспрадпрыемства Міхаіл Вечар.
Хаця і так кіраўніцтва ААТ сумесна з пярвічкай штогод ушаноўваюць нямала вяскоўцаў – падчас зялёнага жніва і ўборкі ўраджаю, у рамках акцыі “Наш жывёлавод” і да прафесійнага свята.
Акрамя таго, як паведаміла Юлія Гарбуз, ужо былая старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, амаль 80 тысяч рублёў за справаздачны перыяд накіравана на культурна-масавую работу, звыш 17 тыс. руб. – на аказанне матэрыяльнай дапамогі, больш за 5 тыс. руб. – на экскурсіі, аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне. Таксама набываліся навагоднія падарункі для працаўнікоў і іх дзяцей, білеты на канцэрты і прадстаўленні.
Усяго ж у прафсаюз уваходзяць 311 забалацкіх рупліўцаў, ахоп састаўляе 99,7 працэнта. На ўсіх распаўсюджваецца дзеянне калектыўнага дагавору. А ім, падкрэсліла старшыня Любанскага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Рубін, як ні ў якім іншым ААТ Любаншчыны, прадугледжаны шэраг дадатковых сацыяльных ільгот і гарантый, у тым ліку для маладых спецыялістаў. І яны не проста на паперы, а і на справе.
Нездарма аднагалосна работа пярвічкі была прызнана здавальняючай, а выбраны новы лідар Святлана Лапановіч паабяцала не мяняць курс, заўсёды стаяць на абароне правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза, шанаваць і паважаць традыцыі арганізацыі, мацаваць прафсаюзнае адзінства і салідарнасць.
Таццяна Рубін
Фота аўтара