Так, 4 мая разам са старшынёй Бабуніцкага сельсавета Сяргеем Харланавым, прадстаўніком прафсаюзнай пярвічкі КСУП “Запаветы Ільіча” Таццянай Шабалтас і райкама прафсаюза АПК Ірынай Берднік мы наведаліся ў маленькую вёску Барычаў да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Ніны Некрашэвіч.
Ніна Іванаўна ў снежні святкавала свой 91 год нараджэння. Тут жанчына нарадзілася, тут сустрэла вайну, а пасля вайны працавала ў паляводчай брыгадзе. Нарадзіла і выхавала трох дзяцей. Цяпер мае трох унукаў і чатыры праўнукі.
У дзень нашага наведвання побач была яе дачка Тамара, якая завітала да маці з Вінніцкай вобласці. Ніна Іванаўна пражывае разам з сынам Мікалаем, але цяпер ён знаходзіцца на вылячэнні ў бальніцы. Нельга было маці пакідаць адну, вось дачка і прыехала.
Ніна Іванаўна яшчэ памаленьку ходзіць, нават, да аўталаўкі ідзе недалёка, за брамку.
Жыццё жанчыну не шкадавала. Пасля вайны аж да 1948 года Ніна Некрашэвіч працавала ў пральным атрадзе. Захоўвае свае ўзнагароды і мужавы, гаворыць, каб пасля смерці ўсе гэтыя медалі паклалі ёй у магілу. Дарэчы, муж пайшоў з жыцця ў лютым 2014 года. Жанчына вельмі хваліла сына і выцірала слёзы: перажывае, каб хутчэй паправіўся і вярнуўся дадому.
Наведваецца двойчы на тыдзень да Ніны Іванаўны і сацыяльны работнік Святлана Рудзінская.
У гэты перадсвяточны дзень з кветкамі завітаў Сяргей Трыфанавіч, падарункі пакінулі Таццяна Мікалаеўна і Ірына Генадзьеўна.
Галоўнае – не забывацца пра тое, што гэтыя людзі перажылі вайну, працавалі ў цяжкіх умовах, недаядалі, хварэлі, але выжылі. Жывіце доўга, паважаная Ніна Іванаўна. Дзякуй вам за Перамогу! Няхай ваша сэрца хоць на хвіліну будзе сагрэта гэтай увагай.