1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиПадсілкавацца ў полі як нельга дарэчы
16 июля 2024

Падсілкавацца ў полі як нельга дарэчы

За намалотамі хлебаробаў стаіць плённая і напружаная праца. А, як вядома, з пустым страўнікам шмат не зробіш, бо сіл не хопіць. Таму ў гаспадарках Любанскага раёна Мінскай вобласці і клапоцяцца пра тое, каб у адказную жніўную пару ўсе рупліўцы палёў былі забяспечаны гарачым харчаваннем.

У прыватнасці, для камбайнераў, вадзіцеляў і трактарыстаў-машыністаў ААТ “Імя К.І. Шаплыкі” яго рыхтуюць повары кафэ-сталовай “Світанак”. Гатовыя стравы, так бы мовіць, з полымя з жару складаюць у кантэйнеры, і пасля яны дастаўляюцца прама на палеткі, дзе шчыруюць хлебаробы. За раздачу гарачых абедаў адказвае Віталь Рашчэня.

Аграном з больш як 20-гадовым стажам ведае кожны ўчастак у гаспадарцы, а таму яму лёгка арыентавацца на мясцовасці.  Транспарт жа, на якім перавозяцца абеды, мае неабходнае абсталяванне і санітарныя дакументы.

Што да якасці страў, то самі механізатары зазначаюць: “Меню разнастайнае і кожны дзень новае. Усё свежае, апетытнае, прыгатавана смачна, па-дамашняму”.

– Падчас уборачнай кампаніі тым, хто задзейнічаны ў ёй, даводзіцца працаваць з самай раніцы і  амаль да змяркання. Інакш у нашай справе нельга – кожная хвіліна дарагая,  каб справіцца з наяўнымі аб’ёмамі і ў аптымальныя тэрміны, у адпаведнасці з патрабаваннямі і без страт сабраць ураджай. Таму хлопцам неабходна падмацаванне, – распавёў дырэктар ААТ Вадзім Толкач. – Вось мы і падыходзім сур’ёзна і з усёй адказнасцю да арганізацыі харчавання. І каб працаўнікам было нядорага, згодна з умовамі калектыўнага дагавору яны аплачваюць толькі частку ад кошту абедаў, астатнюю бярэ на сябе таварыства.

Там, да слова, штодня сілкуецца звыш паўсотні работнікаў. І ніхто з іх ні разу не выказаў нараканняў на якасць гарачых абедаў.

Увогуле ж імі аб’екты грамадскага харчавання Любанскага райспажыўтаварыства забяспечваюць вяскоўцаў з пяці гаспадарак раёна. На тое маецца адпаведная дамоўленасць. “Работу па арганізацыі гарачага харчавання мы пачынаем наладжваць, як правіла, яшчэ дзесьці з лютага. Заключаем дагаворы, зацвярджаем перспектыўнае 10-дзённае меню, прапрацоўваем ўсё да дробезяў, каб пасля не ўзнікала непрыемных нюансаў. І іх, на шчасце, няма. Хаця, канешне, аб’ём работы немалы. Але повары стараюцца, гатуюць з душой. Цана ж аднаго абеда вар’іруецца ад 10 да 15 рублёў у залежнасці ад кошту інгрыдыентаў страў”, – патлумачыла загадчыца аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства Ірына Яновіч.

На кантролі трымае дадзенае пытанне і галіновы прафсаюз. Старшыня Любанскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Таццяна Рубін пастаянна маніторыць сітуацыю ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах. І істотных недахопаў па арганізацыі гарачага харчавання, па яе словах, не выяўляецца, а дробныя адразу ж ухіляюцца.

Рэдакцыя Газеты «Голас Любаншчыны»