Сёлета ў гаспадарцы каласавыя трэба ўбраць на плошчы больш за 1700 га, але пакуль што зжата 15 % ад гэтай плошчы, у закрамы паступіла меньш за 400 тон зерня.
Каб усё прайшло менавіта так, як задумалі, у гаспадарцы нават аддалі належнае традыцыі і правялі “зажынкі” – старажатны абрад у гонар новага ўраджаю збожжа.
З найлепшымі пажаданнямі здрароўя і дабрабыту ім асабіста, а таксама іх родным і блізкім да хлебаробаў звярнуўся кіраўнік гаспадаркі Андрэй Собалеў. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Галіна Нікуліна выказала ўдзячнасць калектыву гаспадаркі за тое, што яны знайшлі час, каб аддаць належнае добрай даўняй традыцыі і тым самым падкрэслілі сваю еднасць з папярэднімі пакаленнямі хлебаробаў, якія працавалі на гэтай зямлі. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК нагадала таксама пра абавязковае выкананне патрабаванняў тэхнікі бяспекі падчас палявых работ.
У гэты дзень кожны камбайнер атрымаў ад райкама прафсаюза работнікаў АПК падарункі ў выглядзе прадуктовых набораў.
Старшыня Ліпаўскага сельвыканкама Любоў Бакіноўская пажадала хлебаробам плённай працы дзеля заможнасці гаспадаркі і дабрабыту кожнай сям’і, а таксама выказала ўпэўненасць, што свой пачэсны абавязак яны выканаюць добрасумленна і з паказальнымі вынікамі.
І вось настаў урачысты момант – жнея выйшла на край поля і па старадаўняму звычаю сярпом нажала сноп збожжа. Гэты першы сноп, які завецца «зажыначным», снапом-імяніннікам, упрыгожылі кветкамі і стужкамі, гаворачы пры гэтым: «Стань, мой сноп, на тысячу коп!»
Першы сноп жняя ўрачыста ўручыла кіраўніку гаспадаркі. Пасля гэтага Андрэй Собалеў перарэзаў сімвалічную чырвоную стужку, якая адкрыла камбайнам дарогу ў поле.
А перад тым, як загулі рухавікі камбайнаў, удзельнікаў свята пачаставалі духмяным хлебынм караваем.
Традыцыйны абрад “зажынак” перад выхадам камбайнаў у поле правялі таксама ў ААТ “Каплічы”.
У добры шлях, шаноўныя хлебаробы! Высокіх вам намалотаў!