Уручыць дыплом і грашовыя прэміі абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу на малочнатаварны комплекс прыехалі старшыня галіновага райкама прафсаюза Аляксей Філімонаў і першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Эдуард Януковіч. Звяртаючыся да жывёлаводаў, Аляксей Філімонаў нагадаў, што па ініцыятыве Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ў краіне, а значыць і ў вобласці і кожным раёне штогод з 1 кастрычніка па 1 красавіка праводзіцца акцыя “Наш жывёлавод”. У ходзе яе ўшаноўваюцца калектывы і асобныя працаўнікі, якія атрымліваюць у гэты перыяд стойлавага ўтрымання жывёлы найбольшую колькасць прадукцыі. Прыемна, што ў іх лік не ўпершыню ўваходзяць хацілаўцы.
Падзякаваў ім за плённую працу і пажадаў далейшых поспехаў і Эдуард Януковіч. А таксама прывёў красамоўныя факты. Так, калектыў рабатызаванага комплексу “Волахі” атрымлівае і прадае дзяржаве прадукцыі больш, чым асобныя раёны ў цэлым. За дзень адсюль здаюць на малаказавод па 18 тон прадукцыі.
У звяне, якое абслугоўвае рабатызаваную залу, шэсць аператараў: Святлана Карпушэнка, Алена Турла, Алёна Ярашэвіч, Валянціна Таяновіч, Іна Хацяновіч, Марына Міхновіч. Ва ўсіх шасцярых выдатныя паказчыкі не толькі за апошні квартал 2018-га, але і ў цэлым за год, усе ў першых радках раённага спаборніцтва. Святлана Карпушэнка трымае першынство на Пастаўшчыне. Яна надаіла 9050 кілаграмаў малака. Не намнога меншыя лічбы ў астатніх пецярых.
Зразумела, што важкія дасягненні хацілаўскіх жывёлаводаў базіруюцца не толькі на іх асабістым старанні, але і на высокім узроўні гаспадарання ў акцыянерным таварыстве. Тут заўсёды нарыхтоўваюць шмат кармоў, жывёла атрымлівае паўнацэнныя збалансаваныя рацыёны, вялікая ўвага надаецца племянной рабоце, своечасова праводзяцца ўсе ветэрынарна-зоатэхнічныя мерапрыемствы.
“У вас ёсць усе ўмовы для таго, каб перамагаць не толькі ў абласным, але і ў рэспубліканскім спаборніцтве, — зазначылі прадстаўнікі раёна, уручаючы хацілаўцам дыпломы і грашовыя прэміі, і пажадалі, каб гэта адбылося як найхутчэй.