Не першы год Беларускі прафсаюз аграпрамысловага комплексу ініцыюе правядзенне рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод”. Мэта мерапрыемства – заўважыць і адзначыць старанных жывёлаводаў, чарговы раз падзякаваць ім за штодзённую цяжкую працу. Акцыя трывала замацавалася на Петрыкаўшчыне Гомельскай вобласці і паступова ахоплівае калектывы ферм, комплексаў раёна, а ўшанаванне лепшых жывёлаводаў стала добрай традыцыяй.
На гэты раз аддаць даніну глыбокай пашаны і ўручыць каштоўныя падарункі за выніковасць у працы работнікам ААТ «Курыцічы” наведаліся старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольга Усціновіч-Насека, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Алена Галеня.
Лепшымі па выніках акцыі былі вызначаны Наталля Яцка, брыгадзір МТФ “Забалацье” і Алла Грэська, аператар машыннага даення МТК “Комплекса”.
Да запрошаных на ўрачыстасць звярнулася лідар раённага ад’ядання прафсаюзаў.
– Работу жывёлаводаў нельга спыніць, у ёй няма выхадных, няма дробязяў. Каб трапіць у лік лепшых у вашай прафесіі, трэба мець жаданне працаваць, умець пераадольваць цяжкасці і нязручнасці. Немалаважным з’яўляецца і згуртаванасць у калектыве, бо толькі сумесная і зладжаная праца цялятніцы, даяркі, жывёлавода дазваляе трымаць высокую планку па вытворчых паказчыках. Вашымі рукамі забяспечваецца харчовая бяспека краіны. Дзякуй вам за вашу працу, за тое, што амаль усё, што патрэбна жыхарам краіны, расце і вырабляецца на нашай зямлі, – адзначыла Вольга Уладзіміраўна.
Выказала словы падзякі жанчынам і і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза АПК.
– Здавалася б, нічога незвычайнага героі сённяшняй урачыстасці не здзяйсняюць. Проста выконваюць сваю штодзённую працу. Але робяць гэта так, што іх стараннасць трэба ставіць у прыклад іншым. Я ганаруся, што працую з такімі шчырымі, працавітымі, адданымі сваёй справе людзьмі, – зазначыла Алена Фёдараўна.
Да слоў віншавання далучыўся кіраўнік арганізацыі Мікалай Сялюк, які ўпэўнены, што гэтыя ўшанаванні заслужаныя: за добрасумленныя адносіны да выканання сваіх абавязкаў, дасягненне вытворчых паказчыкаў і адданасць выбранай прафесіі.
Святлана Собалева
Фота аўтара
Газета «Петрыкаўскiя навiны»