Па добрай традыцыі, якая склалася на Астравеччыне Гродзенскай вобласці, напярэдадні Першамая абнаўляецца раённая Дошка гонару, куды трапляюць лепшыя працаўнікі і арганізацыі розных галін.
Па працы – і ўзнагароды
З маленства многія дзяўчынкі хочуць стаць настаўніцай ці ўрачом. Але Гелена была не з гэтай катэгорыі: на дваіх з сяброўкай яны выношвалі мару быць адвакатамі, якая так і не ажыццявілася.
– Цяпер нават і не ўспомню, адкуль з’явілася такое жаданне. Магчыма, пасля прагляду фільма? – задаецца пытаннем Гелена Браніславаўна. – Сяброўка стала кулінарам, а я жывёлаводам. Дастаткова рана выйшлі замуж, дзеткі пайшлі – вучыцца шмат гадоў не было калі. Хоць у Ашмянскім тэхнікуме атрымала спецыяльнасць лабаранта хімікабактэрыялагічнага аналізу, але нядоўга па ёй працавала.
Непрацяглы час жанчына на ферме «Германішкі» падмяняла іншую работніцу, якая была ў дэкрэтным адпачынку.
– Цікава склалася жыццё: тут пачынала рабіць першыя крокі ў прафесію, сюды ж урэшце і вярнулася, – працягвае жанчына. – У 1995 годзе перайшла на ферму «Індрубка» на групу дарошчвання. З Ірынай Васілеўскай даглядалі каля 120 цялят, дарэчы, напарніца там так і працуе. Варылі пойла і на жалезных тачках развозілі яго, а травяністыя кармы – на кані. Таму і цяпер магу жывёліну без праблем запрэгчы ці наадварот. Потым на ферме каля пяці гадоў даіла кароў. У 2012 годзе перайшла на малочна-таварны комплекс «Германішкі».
У тым жа годзе, на жаль, не стала мужа Гелены Браніславаўны.
– Для дачкі і сына была і за маму, і за тату. Але абодвух выгадавала, ажаніла і замуж аддала. Ужо маю паўтарагадовага ўнучка Даміра, – расказвае пра сваіх блізкіх працаўніца. – Жыву адна, з гаспадаркі ёсць толькі парсючок. Але з-за работы няма часу сумаваць.
Працоўны дзень жанчыны пачынаецца ў 6 гадзін раніцы. Яна наводзіць парадак у клетках сваіх гадаванцаў, поіць іх, раздае канцэнтраты, кормасумесь. І так – тры-чатыры разы на дзень.
– Бывае, што выходзіш з дому і не ведаеш, у колькі вернешся. А здараюцца і больш вольныя і спакойныя дні, – расказвае жанчына пра сваю работу. – У секцыі дарошчвання 103 галавы, акрамя гэтага 175 – у групе аднаўлення. Выяўляю цялушак у ахвоце, пазначаю іх для сябе, заганяю ў спецыяльнае стойла і паведамляю ветурачу. У маёй секцыі цялушкі знаходзяцца да 10-месячнага ўзросту.
Жанчына прызналася, што за столькі гадоў так прывыкла да работы, што на іншым месцы, а тым больш галіне, ёй сябе складана ўявіць.
У мінулым годзе падчас раённага святкавання Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і харчавання Гелену Дрэму прызналі адным з лепшых на Астравеччыне жывёлаводаў. Больш таго, аказваецца, у 2015 годзе на рэспубліканскім свяце аграрыяў тагачасны прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў уручыў жанчыне медаль «За працоўныя заслугі». А сёлета яе партрэт упрыгожвае раённую Дошку гонару.
– Пра гэта мне паведаміла Наталля Налівайка з аддзела кадраў. Калі пачула навіну, унутры ўсё затрэслася – я ж не публічны чалавек, працую, як і ўсе, нічога звышнатуральнага не раблю, – прызнаецца жанчына. – Упэўнена, што гэтага не было б без нашага калектыву, таму што работа комплексу залежыць не ад аднаго чалавека, а ад кожнага. Такіх паказчыкаў у прывагах не дасягнула б без заатэхніка-селекцыянера Ірыны Кузміцкай, начальніка Яніны Рзун, ветслужбы ў асобах Анатоля Сільвановіча і Андрэя Авіжэня.
– Даяркі, цялятніцы, даглядчыкі – тыя, хто працуе ў жывёлагадоўлі, нечым нагадваюць салдатаў. Мы не можам пакінуць свой пост, бо ў адказе за жывёлу, яна ж не будзе стаяць галодная ці ў неперасцеленай секцыі, – працягвае мая суразмоўца. – Штодзень мы павінны быць тут, на комплексе, здараецца, што і выхадных няма. Чалавек, які не зведаў нашай работы і не звыклы да фізічнай працы, напэўна, уцёк бы праз дзень – не вытрымаў бы. (Усміхаецца.)