1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиПрацоўны стаж сям’і Бучынскіх у сельскай гаспадарцы Астравецкага раёна складае звыш 170 гадоў
19 октября 2023

Працоўны стаж сям’і Бучынскіх у сельскай гаспадарцы Астравецкага раёна складае звыш 170 гадоў

Ва ўсе часы ў жыцці чалавека самымі галоўнымі і значнымі застаюцца сям’я, дом, дзеці. А калі гэта не проста сям’я, а працоўная дынастыя, дзе з пакалення ў пакаленне перадаюцца любоў да роднай зямлі, абранай справы, то яны становяцца сямейнай традыцыяй. У  сельскай гаспадарцы Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці – не адна дынастыя аграрыяў. Менавіта на іх і трымаецца аграпрамысловы комплекс. 

Пачынальнікі. Гелюны

У невялікай вёсачцы Гелюны без малога 60 гадоў разам жывуць Рамуальд Ізыдоравіч-Лаймуціс і Марыя Станіславаўна Бучынскія. Менавіта з іх і пачалася дынастыя гервяцкіх аграрыяў.

– Нарадзілася ў Сакалойцях – да маёй вёскі напрасткі два кіламетры. Хацела ў Ашмянах за бухгалтара вывучыцца. Калі трэба было ехаць здаваць экзамены, моцна захварэла. Трэба было працаваць, таму з думкамі пра вучобу развіталася назаўсёды. З 14-ці гадоў пайшла ў калгас. Праўда, у працоўнай кніжцы пазначана, што з 16-ці. Старшыня Шыманаў прызначыў мяне падлікоўцам:  мерала зямлю. У Пугавічах на танцах – раней яны па хатах ладзіліся –  пазнаёмілася з Ромам. У 1965 годзе як прыйшла пасля замужжа ў гэтую хату, так і засталася. 

Па ўспамінах Марыі Станісла­ваўны, раней было цяжэй жыць, але весялей – і радаваліся, і гаравалі, і працавалі вяскоўцы разам. З іншымі гелюнскімі жанчынамі Марыя шчыравала на палявых: рвала і падымала лён, аполвала буракі, выкідвала гной на ферме.

– Шмат кабет збіралася што­раніцы. У першы год, калі прыйшла сюды, яшчэ сярпом жыта ў полі жалі. Ячмень мужыкі касілі, а мы ішлі ззаду, падымалі і ставілі ў снапкі. За працай свету белага не бачылі, але ўсе так жылі, – успамінае жанчына. – Са старшынёй калгаса Дарафеем усё жыццё адпрацавала. Людскі ён быў: нікога не наказваў, нікому не адмаўляў і ўсіх прэміраваў да свята. Штогод атрымлівала граматы і падарункі. 

У доказ сваіх слоў ветэран працы дастала з шафы вымпел па выніках рэспубліканскага са­цыялістычнага спаборніцтва за датэрміновае выкананне народнагаспадарчага плана за 1974 год. 

– Нарадзіла аднаго сына, але ў дэкрэтным, як зараз, ніводнага дня не сядзела, – працягвае Марыя Станіславаўна. – Жылі са свёкрамі, мама ўжо слабенькая была. Падыходзіць чарга пасвіць кароў. Хто пойдзе, калі не я? Мужу на работу трэба, бацькі ў хаце з малым. Не хацела прапускаць работу. Каб у мяне быў «выхад», а не пусты дзень, працавала да позняга вечара. Некалькі гадзін пасплю і зранку ганю вясковых кароў на пашу. 

 Жанчына прызнаецца, што ў хатніх і працоўных клопатах жыццё праляцела неўпрыкмет.

– Пасля  выхаду на заслужаны адпачынак яшчэ некалькі гадоў працавала. Брыгадзірка наша, Галя Штурліс, смеючыся, казала: «Вы, Бучынскія, гарачыя да работы». Але што  гэта я ўсё пра сябе. Дзядуля, твая чарга, – Марыя Станіславаўна з пяшчотай паглядзела на мужа. 

– Да арміі быў прычэпшчыкам, – перахапіў нітачку размовы Рамуальд Ізыдоравіч-Лаймуціс. – Як вярнуўся, узялі мяне ў меліярацыю. Спачатку прызначылі памочнікам экскаватаршчыка, потым адправілі падвучыцца ў Ашмяны. Па ўсім раё­не «асушку» зямель праводзілі. У 1975 годзе перайшоў у калгас «Рассвет», які пазней далучылі да «Родины». Усё жыццё на «гусеніку». І араў, і аміяк уносіў, і сеяў – усе палявыя работы ведаю. 

Асабліва ў памяць мужчыне ўрэзаўся выпадак, калі трэба было перасяваць буракі. 

– Неяк прыехала аграномка Марыя Іванаўна Дыдышка і просіць: «Выручай, Ізыдоравіч, буракі дрэнна абышлі. Трэба перасяваць». Трэба –  значыць трэба. Назаўтра ў 4 раніцы прачнуўся, завёў трактар і паехаў. Пакуль сеялка прыйшла, у мяне поле – 11 гектараў – ужо падрыхтаванае. Цяпер, кажуць, такія агрэгаты, што за адзін праход і культывуюць, і ўгнаенні ўносяць, і насенне прыкрываюць. А даўней глебу ў два сляды апрацоўвалі, потым ішоў маленькі трактар з цяжкімі каткамі. Толькі пасля гэтага можна было сеяць. Цяпер толькі дзіву даешся, якая тэхніка ў калгасе! – зазначыў ветэран працы. 

На развітанне Бучынскія паказалі свае працоўныя кніжкі. Стаж Рамуальда Ізыдоравіча-Лаймуціса складае 42 гады 5 месяцаў і 7 дзён, а Марыі Станіславаўны – 37 гадоў 3 месяцы і 5 дзён.

Прадаў­жальнікі. Рымдзюны

Бог даў Бучынскім толькі адно дзіцятка. Чэська рос спрытным і дапытлівым хлапчуком. І быў першым бацькавым памочнікам, калі той рамантаваў трактар. Падаць ключ ці патрымаць запчастку – хлопчык тут як тут. Не дзіва, што  з выбарам прафесіі пакутаваць хлопцу не давялося. У Вільнюсе (большасць тагачаснай моладзі Гервяцкага краю ехала вучыцца менавіта туды) атрымаў спецыяльнасць механіка, вярнуўся на Радзіму. Тут сустрэў другую палавінку Людмілу.

Пасля шлюбу маладыя жылі з мужавымі бацькамі ў Гелюнах. У 2004 годзе праўленне СВК «Рымдзюны» выдзеліла ім калгасны дом, куды і пераехалі Бучынскія, у якіх на той час ужо былі дзве дачушкі – Алена і Рыма. 

Часлаў Рамуальдавіч з 1992 года і па гэты час працуе ў гервяцкай гаспадарцы. З 2009 года – слесарам на комплексе па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы. Людміла Браніславаўна таксама ўсё жыццё ў сельскай галіне: у розны час была падгоншчыкам жывёлы на малочна-таварным комплексе «Рымдзюны», прыбіральшчыкам, а апошнія гады – вартаўнік на механічна-рамонтных майстэрнях. 

Дочкі Бучынскіх хоць і не выбралі сельскагаспадарчыя прафесіі, але працуюць у аграпрамысловым комплексе. Алена спецыяліст па ахове працы і пажарнай бяспецы ў КСУП «Гервяты». Рыма ажыццявіла бабуліну мару: стала бухгалтарам – зводзіць дэбет з крэдытам у адным са смаргонскіх сельгаспрадпрыемстваў. 

Маладое пакаленне. Гервяты

Алена Лотах (у дзявоцтве Бучынская) са школьнай парты хацела стаць аграномам. Ёй падабалася назіраць за ўборкай у полі, а калі праз вёску ішлі камбайны – займала дух. 

Пасля 11 класа дзяўчына доб­ра здала цэнтралізаванае тэсці­раванне і па балах праходзіла на агранамічны факультэт Гро­дзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Але ў апошні момант бабуля адгаварыла ўнучку, маўляў, і ў спёку, і ў дождж бу­дзеш у гумовіках на полі таптаць глебу – не жаночая гэта справа. 

– Стрыечная сястра вучылася на юрыста. Мне гэтая пра­фесія падалася цікавай і перспек­тыўнай, таму паступіла ў ганд­лёва-эканамічны каледж Белкаап­­саюза ў Маладзечне. Першае працоўнае месца шукала самастойна. Звярнулася да тагачаснага старшыні СВК «Гервяты» Аляксандра Габрукевіча. Мяне аформілі ў эканамічны аддзел. З дапамогай спецыяльнай праграмы і навігатара кантралявала расход паліва. Удзячна за падказкі галоўнаму бухгалтару Гэлене Валэйцы, эканамісту Ганне Махнач. Праз месяц-два пачалося жніво, і мяне, можна сказаць, кінулі на перадавую – на зернесклад у Рымдзюнах, – расказвае Алена.

Маладая жанчына прызнаецца, што гэта быў час, хоць і напружаны, але цікавы. Аднойчы давялося дзяжурыць да 2-х гадзін ночы, пакуль на склад не прывезлі апошнюю партыю зерня.

– Потым працавала ў кафэ КСУП «Гервяты» бармэнам – падмяняла работніка, але гэта не маё.  Блізкім і цікавым быў досвед у аддзеле кадраў, – расказвае пра работу ў гаспадарцы Алена. – У 2018 годзе дырэктар Ігар Жданаў вырашыў перавесці мяне ў спецыялісты па ахове працы. Перажывала і нервавалася, але ён сказаў як адрэзаў: «Я цябе ведаю не першы год. Справішся». 

Напачатку было складана ўнікнуць ва ўсе нюансы, але дапамагалі вопытныя калегі – да іх можна было звярнуцца за парадай у любы момант. 

– З другім інжынерам, Ста­ніславам Вяржынскім, не падзяляем абавязкаў: распрацоўваем інструкцыі, выдаём спецвопратку і абутак, вядзём журналы, робім улікі і многае іншае, – зазначае Алена Лотах і крыху расказвае пра сваю сям’ю:

– Муж працуе на сельгаспрадпрыемстве слесарам па рамонце і абслугоўванні абсталявання. Два гады назад атрымалі ад гаспадаркі жыллё. КСУП «Гервяты» вельмі дапамог з рамонтам. Хоць з мужам перажывалі розныя перыяды, як многія сямейныя пары, але ўсё адно мы разам. Гадуем сына Дзіму і дачку Дарыну. Атрымала вышэйшую адукацыю і, лічу, займаюся любімай справай. Вокны майго кабінета выходзяць на пляцоўку, дзе падчас уборкі выстройваюцца камбайны перад выхадам у поле. Ведаеце, па-ранейшаму гляджу на іх з захапленнем, як і ў дзяцінстве, і з невялікай зайздрасцю. Таксама з задавальненнем убірала б ура­джай! Дарэчы, сястра Рыма адно лета была памочнікам камбайнера… Хто ведае, магчыма, сын ці дачка ажыццявяць маю мару стаць аграномам і прадоўжаць нашу дынастыю. 

Алена Гануліч
Фота аўтара і з архіва
Па матэрыялах газеты «Астравецкая праўда«