І ўсё ж, мне здаецца, самыя моцныя прафесіяналы атрымліваюцца з людзей, якія выбіраюць сямейную справу жыцця, добра ведаючы ўсе яе плюсы і мінусы.
У звычайным цагляным доме ў вёсцы Палушы, размаўляючы за кубкам чаю з Тадэвушам і Ганнай Налівайкамі, мы паспрабавалі падлічыць агульны працоўны стаж патомных хлебаробаў Налівайкаў-Лукашэвічаў – і збіліся на трэцім пакаленні. Напэўна, калі б была лічбавая адзінка «спрадвеку» то яна б лепш за ўсё ахарактарызавала, колькі часу жылі і працавалі на гэтай зямлі іх продкі.
На жаль, моладзь цяпер неахвотна ідзе працаваць у сельскую гаспадарку. І для гэтага ёсць аб’ектыўныя прычыны: цяжкая праца, невысокія зарплаты… Але здараюцца і прыемныя выключэнні.
…Малодшыя Налівайкі больш цягнуцца да спорту: Андрэй пасля школы нават спрабаваў штурмаваць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры – на жаль, не атрымалася. Зараз ён – студэнт Маладзечненскага гандлёва-эканамічнага каледжа, рыхтуецца стаць юрыстам. Пра кар’еру футбаліста марыць чацвёртакласнік Саша – і не проста марыць, а старанна трэніруецца!
А вось старэйшы, Аляксей, як жартуюць у сям’і, нарадзіўся з гаечным ключом у руках. З малалецтва ён цягнуўся да тэхнікі, да розных жалязяк – і з гадамі гэтае яго імкненне толькі ўзрастала. Мусіць, яму цалкам перадаліся гены абодвух дзядоў, ды яшчэ і бацькі ў дадатак!
Адразу пасля каледжа юнак паступіў на завочнае аддзяленне інжынернага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта – зараз ён ужо студэнт трэцяга курса.
Аляксей, не расказвае, што ў яго далейшых планах – мусіць, баіцца сурочыць.
…А так хочацца, каб у гэтых планах былі сям’я і дзеці, якія вырастуць – і прадоўжаць хлебаробскую дынастыю Налівайкаў!