Напярэдадні прафесійнага свята, у мінулую пятніцу, у Капаткевіцкае ПМК-67 Петрыкаўскага раёна са словамі віншаванняў і з узнагародамі завіталі галоўны прававы інспектар працы абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Валерый Армушэвіч, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Галіна Шчэрбак і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Берднік. У гэты дзень удзячныя лісты і прэміі ад абкама прафсаюза работнікаў АПК за шматгадовую і самаадданую працу з рук Валерыя Мікалаевіча атрымалі прараб Мікалай Тарасевіч і вадзіцель Аляксандр Зімін, таксама Дыпломам федэрацыі прафсаюзаў Беларусі адзначана работа кіраўніка ПМК-67 Васіля Каляды.
Як адзначыў разам са словамі падзякі за аказаную ўвагу да калектыва кіраўнік арганізацыі, у апошні час даволі складана знаходзіць патрэбныя аб’ёмы работ. Пэўны час асноўны від – меліярацыя і рамонт меліярацыйных сістэм і сетак – значна паменшыўся па аб’ёме. Большую частку займае знос лядашчых будынкаў. Але ж на гэтым вельмі не заробіш. Таму прадпрыемства пакрысе будзе вяртацца да меліярацыі. І першыя напрацоўкі ў гэтым ужо ёсць.
Мы далучаемся да віншаванняў і жадаем будаўнікам моцнага здароўя і добрых аб’ёмаў работ.