1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиПрафсаюзная перамога
17 декабря 2021

Прафсаюзная перамога

Віцебская абласная прафсаюзная арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК падвяла вынікі абласнога агляду-конкурсу на лепшую пярвічную арганізацыю.

Другое месца прысуджана Юрыю Афанасьеву, старшыні прафсаюзнай арганізацыі ТАА «Вежа».

Прафсаюзная пярвічка на «Вежы» створана чатыры гады таму. І калектыў прадпрыемства не памыліўся, што прапанаваў на гэту пасаду Юрыя Афанасьева – чалавека ініцыятыўнага, лёгкага на нагу, актыўнага і поўнага розных крэатыўных ідэй і задумак. У гэту пярвічку можна без папярэджання прыязджаць з любой праверкай – патрэбныя дакументы заўсёды аформлены і сістэматызаваны.

Рыхтуючыся да абласнога конкурсу, Юрыю Афанасьеву прыйшлося нямала папрацаваць: у выглядзе буклета афармляў матэрыялы, у якіх паказаў работу пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі. Тут асвятляліся пытанні аб ахове працы, сацыяльным партнёрстве, грамадскім кантролі за захаваннем заканадаўства, санітарна-курортным лячэнні і аздараўленні членаў прафсаюза. Ну, а апісанне ўдзелу ў культурна-масавых, спартыўных і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемствах, сістэма работы з ветэранамі працы суправаджалася цікавымі фотаздымкамі.

Прафсаюзная пярвічка прадпрыемства жыве актыўна і цікава. Штогод праводзяцца розныя агляды-конкурсы. Напрыклад, традыцыйным стаў конкурс «Маладзільны яблык», у якім удзельнічаюць як мужчыны, так і жанчыны. Заўсёды цікава праходзіць конкурс навагодніх упрыгожванняў. Так прафсаюз аб’ядноўвае людзей розных перакананняў і прынцыпаў, натхняе на новыя цікавыя і карысныя справы.

Калегі Юрыя Афанасьева лічаць, што з прафсаюзным лідарам ім пашанцавала. Ён заўсёды абараняе чалавека працы і клапоціцца пра спрыяльныя ўмовы для працы і адпачынку, і ў конкурсах перамагае.

Павіншаваць Юрыя Афанасьева з прызавым месцам у абласным конкурсе прыехалі старшыня Шумілінскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова і старшыня Шумілінскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Хамаганава. Уручаючы падзяку і падарунак, яны падзякавалі прафсаюзнаму лідару «Вежы» за плённую работу, пажадалі далейшых поспехаў і перамог.