Па традыцыі перад новым навучальным годам многія прадпрыемствы і арганізацыі ўручаюць падарункі для дзяцей-школьнікаў сваіх работнікаў. Прафсаюзная арганізацыя і кіраўніцтва ТАА «Вежа» Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці ў гэтым годзе правялі сумесную дабрачынную акцыю «Збяром дзяцей у школу».
У пачатку тыдня з Мікіціхі за школьнымі пакупкамі прыехала Таццяна Жыжова са сваёй дачкой Маргарытай, будучай першакласніцай. Разам са старшынёй Шумілінскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Вольгай Пусянковай прыйшлі ў магазін райцэнтра, каб выбраць падарункі да школы.
— Сама буду выбіраць партфель! – заявіла Маргарыта. – Хачу, дзе сабачка намаляваны!» Па памеры і колеры падышоў. Потым Маргарыта выбірала сабе чаравікі, у якіх будзе хадзіць у школу. Пакупкі былі аплачаны за кошт прафсаюза.
Таццяна Жыжова расказала, што раней яе муж працаваў жывёлаводам у сельгаспрадпрыемстве «Лаўжанскае», а цяпер па стане здароўя мае нерабочую групу. Прафсаюз не забыўся пра сям’ю, пра іх дачку-першакласніцу – такая ўвага дарагога каштуе, і за гэта вялікі дзякуй.
Да слова. Ва ўсіх пярвічных прафсаюзных арганізацыях Шумілінскага раёна вядзецца дапамога да школы мнагадзетным, малазабяспечаным няпоўным сем’ям. Памер матэрыяльнай дапамогі прапісаны ў калектыўных дагаворах прадпрыемстваў, зыходзячы з іх магчымасцяў, расказала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Хамаганава.
Ларыса ЗАЙЦАВА