На мінулым тыдні дыпломы і грашовыя прэміі ад абласнога і раённага камітэтаў прафсаюзаў АПК за старанні на нарыхтоўцы кармоў былі ўручаны механізатарам “Ягуараў” адпаведна Аляксею Прусаву з ААТ “Лунінецкі райаграсервіс” і Сяргею Гушчэні з дзяржаўнага прадпрыемства “Чучавічы”.
Аляксея Прусава засталі на кукурузным полі ў дзяржаўным прадпрыемстве “Багданаўка”. Нягледзячы на тое, што яго “пастаяннай прапіскай” з’яўляецца вытворчае прадпрыемства, дзе рабочы час абмежаваны 8 гадзінамі, ён, як сапраўдны селянін, стараецца за светлавы дзень зрабіць як мага больш і ніколі не пакідае палеткі па раскладу. За гэта ў кожным сельгаспрадпрыемстве Лунінеччыны яго паважаюць і нават лічаць сваім. Старанні працаўніка неаднаразова адзначаліся Ганаровымі граматамі і падарункамі на раённым узроўні падчас падвядзення вынікаў спаборніцтва. Самым запамінальным годам для Аляксея стаў 2008-мы, калі за сезон ён падабраў і здрабніў зялёнай масы 21 тысячу тон. Гэтага хапіла б, каб зімой пракарміць грамадскае пагалоўе буйной рагатай жывёлы дзвюх такіх вялікіх гаспадарак як “Вулькаўскі світанак” і “Міжлескае”. За гэты ўклад Аляксей Прусаў быу удастоены пераможнага 3-га месца ў рэспубліканскім саперніцтве. Хочацца спадзявацца, што падобныя перамогі ў яго абавязкова будуць і ў далейшым.