1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиРабота і бяспека
11 июня 2021

Работа і бяспека

Кожную раніцу ў сельгаспрадапрыемствах Шумилинскага раёна механізатары і вадзіцелі праходзяць абавязковую працэдуру – праверку на цвярозасць праз алкатэстар. Такія апараты закуплены ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна, запэўніла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова. Адказваюць за праверку тых, хто працуе за рулём, інжынеры па тэхніцы бяспецы, дыспетчары, загадчыкі майстэрняў і іншыя спецыялісты, на каго загадам сельгаспрадпрыемства ўскладзены адпаведныя абавязкі.

У адзін з будніх дзён мы пабывалі ў майстэрні ў Амбросавічах ААТ «Прыазёрны мір». Для інжынера па ахове працы Святланы Шустровай раніцай тут работы ўволю: трэба праверыць два дзясяткі механізатараў, якія працуюць на палетках і фермах. «Дуйце, калі ласка», – кажа Святлана Пятроўна чарговаму механізатару. Потым глядзіць на табло і запісвае паказчыкі ў спецыяльны журнал правядзення перадрэйсавага агляду. Пасля праверкі застаецца задаволенай сваёй работай, дакладней кажучы падрыхтаванасцю механізатараў да працы – усе цвярозыя. Інжынер па ахове працы з гордасцю заяўляе, што ў гаспадарцы ўсе дысцыплінаваныя, у гэтым годзе не выяўлена ніводнага п’янага.

У ААТ «Прыазёрны мір» ёсць два алкатэстары. Гэта зручна: калі адзін знаходзіўся на паверцы ў Полацкім цэнтры стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, то карысталіся другім. А новы алкатэстар можна купіць крыху больш як за сто рублёў – не такая ўжо і вялікая сума для прадпрыемстваў. Калі ёсць вытворчая неабходнасць, то Святлана Шустрова, як і яе калегі па раёне, выязджаюць з алкатэстарам на мехдвор ці фермы і там правяраюць работнікаў.