Пакарыўся вынік у тысячу тон
З самага пачатку жніва галіновы прафсаюз трымае руку на пульсе. Сочыць за ходам важнай сельгаскампаніі, дае неабходныя рэкамендацыі па выкананні правіл аховы працы, забеспячэнні рупліўцаў гарачым харчаваннем, падвядзенні вынікаў працоўнага саперніцтва і інш.
Але не менш значнай і ў той жа час самай прыемнай місіяй Любанскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу з’яўляецца заахвочванне перадавікоў. Адным з першых сёлета віншаванні з вытворчым поспехам прымаў вадзіцель адкрытага акцыянернага таварыства “Забалацкі” Мікалай Цябус.
У гаспадарцы ён робіць з 1984-га – 40 гадоў. І на рахунку яго нямала перамог і ўзнагарод. У тым ліку не ўпершыню Мікалаю Анатольевічу быць у якасці першага тысячніка па адвозцы збожжа на ток у ААТ. Здаралася, вызначаўся і ў раёне. За што, канешне, атрымліваў і граматы, і падарункі. “Але, – сціпла падзяліўся вопытны шафёр, – кожны раз быццам у першы хвалююся”.
Адрасуючы самыя цёплыя словы самаадданаму рупліўцу, старшыня раённай арганізацыі галіновага прафсаюза Таццяна Рубін адзначыла, што цудоўная традыцыя ўшанавання тысячнікаў-камбайнераў, іх памочнікаў, вадзіцеляў, аператараў зернесушыльных установак існуе ўжо даўно. І нездарма, бо ўсе гэтыя працаўнікі, ад якіх залежыць лёс ураджая і вага хлебнага каравая, заслугоўваюць толькі шчырай падзякі за плён і старанне.
Таццяна Аляксандраўна пажадала, каб капілка дасягненняў Мікалая Цябуса папаўнялася новымі і ўручыла яму грашовы сертыфікат.
Віншаванні ад Любанскага райкама прафсаюза работнікаў АПК забалацкаму вадзіцелю Мікалаю Цябусу.
Рэдакцыя газеты «Голас Любаншчыны»