1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиРыхтуемся да пасяўной, не забываем пра ўборачную
26 октября 2022

Рыхтуемся да пасяўной, не забываем пра ўборачную

Сезон падрыхтоўкі тэхнікі да наступнага веснавога пасяўнога сезона стартаваў ў Маладзечанскім раёне. Значную долю работ пры гэтым выканаюць спецыялісты ААТ «Маладзечанскі райаграсэрвіс».

— Пералік тэхнікі, якая выйдзе на палі вясной, ужо вызначаны, — паведаміў галоўны інжынер арганізацыі Леанід Рошчын. — Уся яна павінна быць поўнасцю падрыхтавана. Ад гэтага залежаць якасць і тэрміны пасяўной. Заяўкі на капітальны і вузлавы рамонт райаграсэрвіс прымае ад сельгасарганізацый Маладзечанскага і іншых раёнаў Мінскай вобласці.

Субяседнік зазначыў, што многія суб’екты гаспадарання плануюць ужо нават падрыхтоўку да наступнага жніва. У прыватнасці, з Вілейскага раёна паступяць на капітальны рамонт два збожжаўборачныя камбайны. Яшчэ адзін будзе адрамантаваны па заяўцы ТАА «АФ Модуль». Цяпер вядзецца бягучы рамонт і абслугоўванне тэхнікі некалькіх гаспадарак Маладзечаншчыны.

— На прадпрыемстве створаны мабільныя рамонтныя брыгады, — працягвае Леанід Андрэевіч. — Калі трэба, профільныя спецыялісты выязджаюць непасрэдна ў гаспадаркі. У выніку эканомяцца час, сродкі, работы выконваюцца максімальна аператыўна. Гэта станоўча адбіваецца на вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.

Леанід Рошчын падкрэсліў, што ў сучаснай сельскай гаспадарцы прымяняецца цэлы комплекс сродкаў механізацыі (ад трактароў і машын да прычапнога і навяснога абсталявання). І той, хто можа эфектыўна распарадзіцца гэтым рэсурсам, атрымлівае дадатковую выгаду.

— У Маладзечанскім райаграсэрвісе абслугоўваюць усю лінейку тэхнікі, што прымяняецца як у раслінаводстве, так і жывёлагадоўлі, — зазначыў галоўны інжынер. — Як паказвае практыка, такі ўніверсальны падыход сябе цалкам апраўдвае. Калі ў раёне ёсць базавая арганізацыя, якая аказвае шырокі спектр паслуг, у выйгрышы застаюцца ўсе.

Трэба адзначыць, што службы райаграсэрвіса прыстасоўваюцца да патрэб рынку, асвойваюць дадатковыя магчымасці работы з заказчыкамі. Так, у хуткім часе ў арганізацыю паступіць новы энерганасычаны трактар «Беларус». Таксама ў планах набыццё абсталявання для плазменнай рэзкі, на якім можна будзе вырабляць дыскі і іншую аснастку для глебаапрацоўчых агрэгатаў. Гэта значна зменшыць кошт рамонту і абслугоўвання тэхнікі.

Алег БЯГАНСКІ, Аляксей ПЛАТКО

«МГ»