1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиСа студэнцкай лаўкі – у галоўныя эканамісты, ці З якім настроем і спадзяваннем распачынае работу ў КСУП “Міхалішкі” Вераніка Андралойць
16 августа 2024

Са студэнцкай лаўкі – у галоўныя эканамісты, ці З якім настроем і спадзяваннем распачынае работу ў КСУП “Міхалішкі” Вераніка Андралойць

Кожны год Астравеччына сустракае маладых спецыя­лістаў з нецярпеннем і цікавасцю. Бо яны прыходзяць у арганізацыі і на прадпрыемствы раёна Гродзенскай вобласці з жаданнем паказаць, чаму навучыліся; з надзеяй, што ім давераць адказны ўчастак работы, і прымуць у калектыў як сваіх…  А чаго яны чакалі ад Астраўца; якімі былі думкі, калі накіроўваліся да першага рабочага месца; хто сустракаў і чым дапамог… Аб гэтым і не толькі мы запыталі ў маладых спецыялістаў розных сфер Астравеччыны.

І вочы не баяцца, і рукі робяць – так можна ахарактарызаваць маладога спецыяліста Вераніку Андралойць з КСУП «Міхалішкі», якая са студэнцкай лаўкі прыйшла адразу ў галоўныя эканамісты. 

– Я з той катэгорыі людзей, якія не баяцца цяжкасцей. Мне здаецца, што менавіта дзякуючы ім чалавек расце і развіваецца, як асоба і прафесіянал, –  зазначыла мая суразмоўца напачатку нашай гутаркі. – Прызнаюся, для мяне гэта была заманлівая прапанова стаць галоўным эканамістам (думаю, клас, адразу пры пасадзе!), але насамрэч гэта вялікі фронт работы і непараўнальная адказнасць. Пакуль што ўнікаю ў тонкасці спецыяльнасці і ўліваюся ў прафесію. Веру, што ў мяне ўсё атрымаецца. 

Вераніка зазначае, што ў эканамісты пайшла мэтанакіравана: вучылася ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце па спецыялізацыі «эканоміка і арганізацыя ў галінах аграпрамысловага комплексу». 

– Дзве вытворчыя практыкі праходзіла ў КСУП «Гервяты». Дзякуючы дапамозе і падтрымцы майго куратара Марыны Антонаўны Івашкі, якую лічу сваім настаўнікам, знутры спазнала прафесію эканаміста і ўпэўнілася, што гэта маё, – працягвае Вераніка. – На размеркаванні даведалася, што ў Астравецкім раёне ёсць вакансія ў КСУП «Міхалішкі». З 31 ліпеня пачалася мая адпрацоўка. 

Малады спецыяліст упэўнена, што калі аграном любіць расліны, а ветурач жывёл, то эканаміст – не лічбы, як могуць падумаць некаторыя, а планаванне і прагназаванне.

– Аналізы, штатныя расклады, расцэнкі, надбаўкі, – пералічвае складнікі сваіх працоўных абавязкаў Вераніка. – Пакуль галава ідзе кругам – цяжкавата, канешне, але цікава. 

У падначаленні ў галоўнага спецыяліста ёсць эканаміст – таксама малады спецыяліст.

– У КСУП «Міхалішкі» нас прыйшло 4 чалавекі: я, Святлана і два бухгалтары. Нам выдзелілі дом у Міхалішках. На работу пакуль езджу з Астраўца, але планую перабрацца ў аграгарадок, – дзеліцца дзяўчына. – Мне трэба адпрацаваць пяць гадоў, што будзе далей, не загадваю. Хочацца працаваць па сваёй прафесіі і набірацца вопыту. 

Лічба

17 маладых спецыялістаў прыйшло працаваць у сельгаспрадпрыемствы Астравеччыны у 2024 годзе.

Алена Гануліч, фота аўтара