1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиШашкі сустрэлі хлебаробаў
14 сентября 2021

Шашкі сустрэлі хлебаробаў

У святочнай калоне, якая прайшла па галоўнай вуліцы абноўленага населенага пункта, разам з перадавікамі сельскагаспадарчай вытворчасці – прадстаўнікі мясцовай улады, госці.

Узнагароджанне лепшых работнікаў раслінаводчай галіны адбылося ў доме культуры. Пад апладысменты прысутных на сцэну вынеслі караваі з усіх гаспадарак раёна. Галоўны каравай новага ўраджаю ўручылі старшыні райвыканкама Дзянісу Колясеню.

– Сёння ў гэтай зале прысутнічаюць лепшыя прадстаўнікі аграпрамысловага комплексу раёна, прафесіяналы сваёй справы, людзі, якія добрасумленнай працай унеслі важкі ўклад у выкананне харчовай праграмы краіны, – сказаў Дзяніс Сяргеевіч. – Мы ўсіх вас ведаем і паважаем, цэнім за нялёгкую работу. Наш раён славіцца багатымі традыцыямі, высокімі дасягненнямі папярэдніх пакаленняў. Мы з вамі перанялі эстафету і будзем годна яе працягваць. Кожнаму на сваім участку работы неабходна пастарацца зрабіць усё магчымае для таго, каб у наступным годзе мы з гонарам маглі сказаць, што атрымалі той вынік па намалотах збожжа, на які разлічвалі. І калі мы з вамі прыкладзём максімум намаганняў, то ўсё гэта насамрэч ажыццявіцца. У выніку – дастойна сустрэнем і правядзём абласны фестываль «Дажынкі-2022».

Дзяніс Сяргеевіч падкрэсліў, што наперадзе свята – Дзень народнага адзінства, якое будзе праходзіць у рэспубліцы ўпершыню. Яго правядзенне сімвалізуе, што толькі разам мы здолеем дасягнуць тых мэт і задач, якія сёння перад намі пастаўлены.

Кіраўнік раёна ўручыў граматы, падзякі і падзячныя пісьмы райвыканкама, якімі адзначаны дзясяткі руплівых працаўнікоў і спецыялістаў сельскай гаспадаркі.

Каравай ад Стаўбцоўскіх хлебаробаў атрымаў ганаровы госць, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Васілій Хвацік. У сваім выступленні Васілій Міхайлавіч адзначыў, што што добрая традыцыя правядзення раённых дажынак у аграгарадках, якая належыць Прэзідэнту краіны, працягваецца. Добраўпарадкоўваюцца вёскі. У абноўленую  Шашкоўскую сярэднюю школу прыйшлі вучыцца дзеткі, сярод іх нямала першакласнікаў, а гэта значыць, што аграгарадок жыве і будзе жыць далей. Лідар прафсаюзаў уручыў нагрудныя знакі «За заслугі ў сельскай гаспадарцы» дырэктару ААТ «Каганец» Пятру Малахаву і механізатару ААТ «Агранёманскі» Казіміру Дамброўскаму, які паўстагоддзя шчыруе на хлебнай ніве гаспадаркі. Таксама былі ўручаны ганаровыя граматы і падзякі іншым дбайным працаўнікам.

Гучаць словы віншаванняў тым, хто нялёгкай працай здабываў для краіны хлеб. Дыпломы райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў, калектывы якіх сталі пераможцамі і прызёрамі раённага спаборніцтва на выкананні веснавых палявых работ, уборцы збожжавых і зернебабовых культур, уручыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віталій Бычкоўскі. Ушанаваны механізатары, вадзіцелі і лепшыя ў сваёй прафесіі спецыялісты.

Абсалютнымі пераможцамі сярод сельгасарганізацый раёна прызнаны ААТ «Вялікі Двор» і ААТ «Жацерава».

– Аляксандр Дзмітрыевіч вырас у Шашках, сфарміраваўся як асоба, – сказаў старшыня райвыканкама. – Сёння ў зале прысутнічае яго мама, якая вельмі хвалюецца за свайго сына і адначасова ганарыцца ім. Упэўнены, што вамі ганарыўся б і ваш бацька, які некалькі дзесяцігоддзяў адпрацаваў у сельскай гаспадарцы і раней узначальваў данае таварыства.

Дзяніс Колясень запрасіў на сцэну Тамару Мікалаеўну, якая нядаўна адзначыла жыццёвы юбілей, і са словамі віншаванняў і ўдзячнасці ўручыў жанчыне ружы.

Свята набірала ход. Пераходны прыз за самы высокі намалот, заснаваны райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і ўпраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама ў гонар Генадзія Цвіркі, праслаўлены камбайнер, які правёў сёлета 56-е жніво, перадаў старшаму камбайнеру ААТ «Радзіма Якуба Коласа» Віталію Ждановічу.

Асаблівая ўвага была ўдзелена маладым спецыялістам. Віншуючы маладую змену, старшыня райвыканкама выказаў спадзяванне, што ў будучым з іх атрымаюцца дастойныя кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, здольныя вырашаць пастаўленыя задачы. А некаторыя, напэўна, змогуць дасягнуць і больш высокага кар’ернага росту. У адказ маладыя спецыялісты падзякавалі за цёплы прыём і створаную магчымасць плённа працаваць.

Павіншавала дбайных хлебаробаў і выказала ім словы ўдзячнасці сакратар  раённага камітэта КПБ Ніна Дубовік. Яна ўзнагародзіла групу кіраўнікоў раёна партыйнымі медалямі.

Адна з адметнасцяў свята – «гарадок» з «імправізаванымі падворкамі», які раскінуўся ля дома культуры. А ў фае культустановы можна было падзівіцца на снапы і караваі, якія зрабілі і выставілі для ўдзелу ў конкурсе на лепшае афармленне адмысловыя майстры гаспадарак. Аднак, як адзначыла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч, вызначыць пераможцаў было проста немагчыма, бо ўсе аформілі свае вырабы вельмі дастойна. Для заахвочвання падарункамі майстры былі запрошаны на сцэну.

Надышоў самы хвалюючы момант – перадача эстафеты раённых дажынак. Гонар правесці галоўнае свята хлебаробаў у 2023 годзе выпаў ААТ «Вялікі Двор».

Аздаблялі свята канцэртнымі нумарамі работнікі культустаноў раёна, навучэнцы Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Спявалі для перадавікоў беларускія артысты Тэа і Вольга Рыжыкава.