Амаль 15 гадоў Святлана Антонаўна ўзначальвае ферму “Малюта”, хоць на аднайменным хутары ўжо даўно ніхто не жыве… Штодзень жанчына прыязджае на работу з Вялікіх Яцынаў, што ў чатырох кіламетрах ад фермы.
Нарадзілася Святлана Антонаўна ў Беразоўцы ў вялікай і дружнай сям’і: у бацькоў было сямёра дзяцей. Мама працавала даяркай, тата жывёлаводам, конюхам, падвозчыкам на ферме. Трымалі чатыры каровы, а свіней і не злічыць. Калі для іншых дзяцей у вёсцы выгнаць кароў на пашу, пакарміць свіней ці падаіць рагулю было цяжкай павіннасцю, для яе, наадварот, – у радасць.
Раней праца даяркі была шмат цяжэйшая, чым зараз: жанчыны раздавалі ўручную кармы, даілі рукамі да 20 кароў, пойла цялятам даводзілася цягаць цяжкімі жалезнымі тачкамі… Але ніхто ніколі не скардзіўся: жылі і працавалі дружна. Не было такога, каб хто з дзяцей закапрызіў, што не хоча чагосьці рабіць… У школе Света вучылася нядрэнна – але больш за кнігі яна любіла жывёл.
Пасля заканчэння Варонскай васьмігодкі дзяўчына паступіла ў Ільянскі заатэхнічны тэхнікум.
Пасля тэхнікума атрымала размеркаванне ў калгас “Зара”. А так хацелася быць бліжэй да дому! Нехта са спецыялістаў райсельгасхарчу падказаў, што ёсць месца ў Гервятах. Тагачасны старшыня калгаса “Радзіма” Вячаслаў Адахоўскі, прыняў яе, нявопытную, на работу, дапамог зняць жыллё.
У жывёлагадоўлі жанчына працуе ўжо больш за трыццаць гадоў – і ўвесь час загадчыцай фермы: спачатку ў Яцынах, потым – у Міцюнах, а апошнія гады – у Малюце.
…Святлана Раманаўна кожны свой дзень пачынае з усмешкі: кожнай сваёй клетачкай паглынае святло і цяпло ранішняга заспанага сонейка – і гэтым жыццядайным святлом дзеліцца з кожным стрэчным.