1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиУ Астрыне прайшоў раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Уладар сяла”
02 августа 2018

У Астрыне прайшоў раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Уладар сяла”

Падтрымаць удзельнікаў завіталі госці – начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Т.В. Ганчарук, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Г.Ф. Шандроха, выконваючая абавязкі першага сакратара РК БРСМ А.А. Цынгалёва і іншыя. Прыемна было бачыць сярод балельшчыкаў старшынь сельвыканкамаў.
На сцэну выходзілі ўдзельнікі конкурсу: сем’і Бура (Ражанкаўскі сельсавет), Станіславіч (Астрынскі сельсавет), Зайко (Жалудоцкі сельсавет), Фядзюк (Васілішкаўскі сельсавет), Санюкевіч (Орлеўскі сельсавет) і Зайко (Мажэйкаўскі сельсавет). Адчувалася, што гэтыя людзі не выпадкова абралі сельскую мясцовасць на жыхарства. Яны жывуць у згодзе з традыцыямі, выхоўваюць дзяцей і памятаюць запавет дзядоў і прадзедаў: быць сапраўднымі гаспадарамі зямлі. Маладыя, вясёлыя, ініцыятыўныя, сем’і-ўдзельніцы даказвалі, што ўмеюць не толькі актыўна адпачываць, але і плённа працаваць на роднай зямлі. Адметна, што многія апранулі беларускія нацыянальныя строі. 
“Візітныя карткі” здзіўлялі сваёй арыгінальнасцю. Пра сябе і свае сямейныя традыцыі канкурсанты распавядалі ў вершах, песнях і тэатральных пастаноўках. Вяскоўцы спявалі, танцавалі, расказвалі, здзіўлялі журы сваімі кулінарнымі шэдэўрамі і відэаролікамі пра тое, як вядуць хатнюю гаспадарку. Тым часам свята працягвалася. Самая цікавая частка конкурсу была наперадзе. Поўным ходам кіпела сельскае жыццё на стадыёне. Асаблівую цікавасць у астрынчан і гасцей выклікала сельская эстафета. Ах, як звінелі пілы і трашчаў тапор падчас конкурсу “Дрывасек”. Супружнай пары неабходна было распілаваць бервяно, раскалоць кожную яго частку і акуратна скласці дровы. Ва ўсіх гэта атрымалася! 


Сёлета ганаровы тытул “Уладар сяла” заваявала сям’я Бура з Ражанкі. На другім месцы – Зайко (Жалудоцкі сельсавет). У тройку лідараў увайшла і сям’я Фядзюк (Васілішкаўскі сельсавет).
Конкурс чарговы раз нагадаў пра добрыя сямейныя традыцыі, уславіў сельскае жыццё і нялёгкую працу вяскоўцаў. Згадзіцеся, гэта рэальны шанц для маладых людзей заявіць пра сябе. Чарговы раз усе пераканаліся, што ёсць на Шчучыншчыне сапраўдныя гаспадары сваёй зямлі, працавітыя і дружныя сем’і. Спадзяемся, што сям’я Бура з гонарам прадставіць нашу Шчучыншчыну ў вобласці і рэспубліцы. 
 Аляксей і Яна жывуць у аграгарадку Ражанка. Разам яны выхоўваюць дзвюх дачушак – Алісу і Сафію. Аляксей Бура працуе ветэрынарным урачом у ААТ “Шчучынаграпрадукт”, а Яна знаходзіцца ў водпуску па даглядзе за дзіцём да трох гадоў. Маладая мама вельмі творчая асоба. Любіць гуляць у валейбол, маляваць, шыць. Так, цудоўныя беларускія строі, у якіх сям’я завітала на конкурс, яна расшывала сама! А яшчэ, са слоў родных, Яна пячэ самыя смачныя ў свеце пірагі!
Падчас мерапрыемства актыўна працаваў выязны гандаль. За здароўем удзельнікаў і гасцей свята сачылі медработнікі Астрынскай гарпасялковай бальніцы. Дзятва бавіла час на батутах і ласавалася салодкай ватай ды попкорнам. Спартсмены аблюбавалі пляцоўку для валейбола і баскетбола.
Цудоўным падарункам для ўдзельнікаў конкурсу і гасцей стала выступленне самадзейных артыстаў РЦКіНТ і артыстаў з Радуні і Геранён.
Дарэчы, сёлета арганізатарамі конкурсу выступілі РК БРСМ, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў АПК і раённае аб’яднанне прафсаюзаў.