У зале раённага Цэнтра культуры і адпачынку сабраліся перадавікі вытворчасці, прадстаўнікі працоўных калектываў, шаноўныя ветэраны працы, ганаровыя госці.
Вітаючы ўдзельнікаў урачыстасці “Дыялог – шлях да поспеху”, старшыня раённага выканаўчага камітэта Віталь Казлоў адзначыў:
– Сімвалічна, што наша свята праходзіць напярэдадні новага гістарычнага перыяду ў жыцці краіны: 27 лютага пройдзе рэспубліканскі рэферэндум па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. І ад таго, наколькі мы зможам дайсці да кожнага работніка, кожнага жыхара раёна, настолькі мы зможам быць упэўненыя ў тым, што дзяржава і народ набудуць абноўлены Асноўны Закон, а краіна атрымае магутны імпульс паступальнага развіцця. Цалкам лагічны і дэвіз сённяшняга свята: “Дыялог – шлях да поспеху”. Паўсюль праходзяць дыялогавыя пляцоўкі, круглыя сталы, грамадскія абмеркаванні. Сацыяльны вектар дыскусій вельмі шырокі: медыцына, адукацыя, культура, спорт і турызм, дзяржаўная падтрымка сем’яў, новыя формы працы з моладдзю, дэмаграфічная бяспека. Гэтыя і іншыя найбольш актуальныя пытанні абмяркоўваюць людзі розных прафесій, моладзь і старэйшае пакаленне. Усё гэта накіравана на будаўніцтва адзінага грамадства. Неабходна быць пераканаўчым ў сваіх довадах і рухацца да акрэсленых мэтаў…Важна разумець, што змены ў Канстытуцыю ўносяцца на дзесяцігоддзі наперад, каб новае пакаленне – дзеці Незалежнасці – не страцілі маральныя, патрыятычныя арыенціры бацькоў і сацыяльную накіраванасць жыцця грамадства.
Падзякай абласной прафсаюзнай арганiзацыi работнікаў аграпрамысловага комплексу ўзнагародзілі на ўрачыстасці ідэолага ААТ “Раванічы” Тамару Цітавец, майстра Чэрвеньскага прафесійнага будаўнічага ліцэю Зінаіду Кудзіну, санітара Чэрвеньскай раённай ветэрынарнай станцыі Таццяну Запрудскую і навучэнку Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Аляксандру Турбан.
Цудоўным падарункам усім, хто сабраўся на ўрачыстасць, сталі выступленні салістаў раённага Цэнтра культуры і адпачынку педагогаў і выцхаванцаў Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў, выхаванцаў харэаграфічнага аддзялення Смілівіцкай дзіцячай школы мастацтваў, тэатра моды Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна гарадскога пасёлка Смілавічы, салістаў Галіны Прышывалкі і Андрэя Хурсевіча, ансамбля казацкай песні «Маме падабаецца».