З сярэдзіны лютага інжынерная служба Карэліччыны Гродзенскай вобласці здае экзамены — сельгастэхніка раёна праходзіць дзяржаўны тэхнічны агляд. Спраўныя вузлы і агрэгаты, наяўнасць вогнетушыцеляў, аптэчак і спецадзення — заклад бяспекі і своечасовага правядзення сельгасработ. На своеасаблівым экзамене для механізатараў СВК “Жухавічы” пабываў і карэспандэнт “Полымя”.
Мехмайстэрні СВК “Жухавічы” ў гэты дзень нагадвалі святочную выставу сельгастэхнікі: роўнымі радамі выстраіліся 50 трактароў, у тым ліку 11 энерганасычаных, 10 пагрузчыкаў. Уся тэхніка блішчала на цьмяным лютаўскім сонцы. Некаторыя сельгасмашыны прыгналі літаральна ў апошні момант: кормараздатчыкі з раніцы працавалі на фермах, каб рагулі не засталіся галоднымі.
Кароткі перарыў на тэхагляд — і зноў на працу. На прадпрыемстве строга сочаць за захаваннем тэхналогій, і жывёла аддзячвае рупліўцам добрым малаком: у 2024 годзе ў СВК надаілі 17760 т, што на 1713 т больш, чым у 2023 годзе. Надоі на адну рагулю склалі 9392 кг, што на 432 кг больш выніку 2023 года. У гаспадарцы добра ведаюць, што такія паказчыкі даюцца плённай працай.
Да пачатку тэхагляду ўдалося прайсці ўздоўж роўнага рада трактароў, пазнаёміцца з некаторымі механізатарамі. Усе яны шчыруюць на прадпрыемстве не першы год, таму сваю справу добра ведаюць, а галоўнае, з павагай да яе адносяцца. Так, напрыклад, Аляксандр Касцюк працуе ў Жухавічах 13 гадоў.
— Да тэхагляду рыхтаваліся з душой, — усміхаецца мужчына. — Пільна праверылі кожную дэталь, кожны вузел, што трэба было — замянілі і паправілі. Падвесці не павінен.
За рулём энерганасычанага трактара Беларус 3022 ДЦ.1 Аляксандр Уладзіміравіч працуе трэці год. Прызнаецца, што гэта добры памочнік у рабоце, але, як і любая тэхніка, патрабуе да сябе адказных адносін:
— Не было такога, каб хоць раз падвёў. І я, у сваю чаргу, стараюся, каб кожная дэталь працавала як мае быць.
Галоўны інжынер прадпрыемства Аляксандр Ламанос адзначае, што механізатары і вадзіцелі шануюць тэхніку, каб яна працавала шмат гадоў, а ўсе агрэгаты рамантуюць па меры неабходнасці.
Між тым пачынаецца тэхагляд. Галоўны дзяржаўны інспектар упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Аляксандр Смаль уважліва аглядае кожны трактар. У вачах профі не застаецца па-за ўвагай ні адна дробязь: у трактароў правяраюць асвятляльныя прыборы, маячкі і гукавы сігнал — сельгастэхніка з’яўляецца паўнавартасным удзельнікам дарожнага руху, а ў бяспецы не бывае дробязяў. Відаць, што механізатары крыху хвалююцца, але ў сваёй рабоце і тэхніцы яны ўпэўнены, таму хваляванне хутка замяняецца рашучасцю. Да таго ж, кожны рычаг і кнопка ў кабіне для іх, як родныя, таму трактарысты выконваюць кожную просьбу інспектара вокамгненна.
Наступным праходзіць выпрабаванне Васілій Ерамецька. Каля яго “нямецкага гіганта”, энерганасычанага Claas Axion 950, стаяць вогнетушыцель і аптэчка. Мужчына шчыруе на прадпрыемстве ўжо больш 15 гадоў, але пры праходжанні тэхагляду крыху нярвуецца — хочацца, каб усё было спраўным і працавала як след.
— Скажу так: у гэтым трактары ўсё зроблена для чалавека, — расказаў Васілій. — У кабіне і клімат-кантроль, і пнеўмасядзенні, ёсць прылада для падрульвання, каробка-аўтамат. Едзе, арэ, сее — умее ўсё.
Уся тэхніка, выстаўленая на тэхагляд у “Жухавічах”, аказалася спраўнай. Праведзеная жухавіцкімі рупліўцамі работа па падрыхтоўцы тэхнікі атрымала высокую ацэнку спецыялістаў, якія ацэньвалі стан і спраўнасць сельгасмашын. Усе трактары былі спраўнымі і камплектнымі, не выклікаў нараканняў знешні выгляд. Не за гарамі пасяўная, калі жухавіцкія трактары адправяцца ў палі. Аграрыям гаспадаркі неабходна пасеяць 120 га яравога ячменю, 200 — соі, 20 — аўса, 50 — пшаніцы і 30 га гароху. Цукровыя буракі ўзыдуць на 400 га, на 1341 га вырасце кукуруза.
Па дадзеных упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама, тэхагляд у сельскагаспадарчых арганізацыях Карэліччыны прайшло амаль 90% трактароў ад наяўных. Сем адзінак трактарнай тэхнікі пакуль не прайшлі тэхагляд, бо знаходзяцца на капітальным рамонце. Асноўныя прычыны, па якіх некаторая тэхніка не прайшла тэхагляд, — няспраўнасці рулявога ўпраўлення, светлавой і гукавой сігналізацыі, тармазной сістэмы і пашкоджанне лабавога і бакавога шкла. Усе гэтыя хібы ў хуткім часе будуць выпраўлены.