Лета – гарачы перыяд для аграрыяў. Выкарыстоўваючы кожную пагодлівую гадзіну, механізатары працуюць у полі, без усялякага перабольшання – ад зары да зары. Вельмі важна пры гэтым заўважыць і адзначыць тых, хто адказна падыходзіць да сваёй працы, дабіваецца добрых вытворчых вынікаў.
Старшыні Петрыкаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольга Усціновіч-Насека і раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Алена Галеня наведалі аграгарадок Грабаў з адказнай місіяй – павіншаваць перадавіка “зялёнага жніва” з яго працоўнымі дасягненнямі.
Сертыфікатам на грашовую прэмію ад галіновага прафсаюза быў узнагароджаны механізатар КСУП “Запаветы Ільіча” Мікалай Навічэнка.
Нашага героя можна смела назваць ветэранам сельгаспрадпрыемства, у арсенале ўзнагарод якога не адна грамата і падзяка. За гады працы Мікалай Мікалаевіч адзначаны як за выніковасць на жніве, так і на пасяўной, корманарыхтоўцы.
Усю сваю працоўную дзейнасць наш герой прысвяціў сельскай гаспадарцы – мае трыццаць восем гадоў механізатарскага стажу. Сам родам з вёскі Рабка, у свой час атрымаў у суседніх Жыткавічах спецыяльнасць механізатара. У канцы 80-х прыйшоў ў грабаўскае сельгаспрадпрыемства, дзе працуе па сённяшні дзень. Тут, у аграгарадку, яго сям’я, дом, звыклы ўклад жыцця. Тут ён выгадаваў і выхаваў сына і дачку, спасціг сакрэты майстэрства працы на зямлі.
У сваім віншавальным слове Алена Галеня адзначыла: “Ад вашых працоўных намаганняў залежыць забяспечанасць гаспадаркі якасным сянажам, сенам, будучым хлебам, а значыць – харчовая бяспека краіны. Ведаючы ваша стаўленне да справы, можна быць упэўненым: землякі атрымаюць неабходныя прадукты на абедзены стол”.
Віншум аграрыя з узнагародай, жадаем усім удзельнікам жніва спрыяльнага надвор’я і зладжанай работы. Мы ганарымся вашымі працоўнымі поспехамі!
Святлана Собалева, фота аўтара